Рабіце шум! – Папа заклікаў моладзь на сустрэчы ў Бруселі

Папа зноў здзівіў усіх, зрабіўшы нечаканы візіт на моладзевую вігілію Hope Happening у Бруселі 28 верасня 2024 года. Пасля сустрэчы з езуітамі ён наведаў Brussels Expo, дзе сабралася каля 6 тысяч маладых людзей з Бельгіі і суседніх краін.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Калі са сцэны анансавалі візіт Францішка, прыкладна за гадзіну да яго прыбыцця, у зале пачуўся гром апладысментаў. Моладзь, якая чакала ўбачыць Святога Айца толькі на наступны дзень падчас Імшы, была ў захапленні ад нечаканага візіту.

Папа з'явіўся на сцэне пад гукі песні Jesus Christ Superstar, якая часта гучыць на моладзевых сустрэчах. Ён звярнуўся да прысутных з простым "Добры вечар!" і адразу ж пачаў дыялог з маладымі людзьмі.

"Я вам дам параду: ідзіце наперад. Рабіце шум, заўсёды памятайце пра Пана і памятайце пра малітву", - такімі словамі Пантыфік падкрэсліў важнасць энергіі і энтузіязму, уласцівых моладзі. Ён заахвоціў маладых людзей не быць пасіўнымі, а наадварот, праяўляць сваю актыўнасць і ініцыятыву, дапамагаючы іншым. Ён падкрэсліў, што адзіная сітуацыя, калі можна глядзець на чалавека зверху ўніз – гэта калі мы дапамагаем яму падняцца.

Папа таксама звярнуў увагу на немаўля, якое было ў зале, назваўшы яго "самым вялікім з усіх", бо Езус сказаў, што найвялікшы той, хто стаў як дзіця.

Завяршаючы сваё кароткае, але змястоўнае выступленне, Францішак яшчэ раз падкрэсліў: "Не пакідайце малітву!", нагадваючы маладым людзям пра неабходнасць падтрымліваць сувязь з Богам у сваім штодзённым жыцці.

Візіт Святога Айца на вігілію Hope Happening стаў яшчэ адным прыкладам яго жадання быць бліжэй да маладых людзей і яго здольнасці здзіўляць і натхняць.
 

29 верасня 2024, 00:58