Папа прыбыў у Джакарту, распачаўшы сваё азіяцкае падарожжа
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Самалёт з Пантыфікам на борце прызямліўся ў спецыяльна адведзенай для цырыманіяльных мерапрыемстваў зоне аэрапорта. Апостальскі нунцый і кіраўнік пратакола Інданезіі паднялiся на борт самалёта, каб павітаць Папу. Затым Святы Айцец спусціўся на лётнае поле.
Пры выхадзе з самалёта Францішка сустрэў міністр па справах рэлігій Інданезіі. Дзеці ў традыцыйных строях падарылі Пантыфіку кветкі. Афіцыйная цырымонія сустрэчы прайшла без прамоў і прыватных гутарак.
Пасля прывітання афіцыйных дэлегацый і ганаровай варты, Святы Айцец адправіўся ў апостальскую нунцыятуру, размешчаную ў цэнтры Джакарты, непадалёк ад плошчы Мердэка. Паездка заняла каля 30 хвілін.
У 12.30 па мясцовым часе Францішак прыбыў у нунцыятуру, дзе яго сустрэлі супрацоўнікі, група хворых і бежанцаў. Папа паабедаў у прыватным парадку.
Варта адзначыць, што будынак нунцыятуры мае цікавую гісторыю. Яго будаўніцтва пачалося ў кастрычніку 1964 года па ініцыятыве арцыбіскупа Дэ Лівы. Праект распрацаваў нямецкі архітэктар Герман Бонэнкамп. Афіцыйнае адкрыццё адбылося 29 чэрвеня 1966 года ў прысутнасці тагачаснага прэзідэнта Інданезіі Сукарна.
Увечары Папа правядзе прыватную святую Імшу і павячэрае.
Джакарта з'яўляецца першым пунктам у азіяцкім падарожжы Пантыфіка. Візіт мае вялікае значэнне для каталіцкай супольнасці Інданезіі, якая налічвае больш за 560 тысяч вернікаў у архідыяцэзіі Джакарты, пастырам якой з’яўляецца кардынал Ігнацый Сухарыё Харджаатмоджа.
Падчас свайго візіту Францішак сустрэнецца з прадстаўнікамі ўлады, духавенства і вернікамі, а таксама абмяркуе важныя пытанні міжрэлігійнага дыялогу і сацыяльнай справядлівасці.