Папа распачаў маштабнае апостальскае падарожжа па Азіі і Акіяніі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У 16.40 Пантыфік пакінуў сваю рэзідэнцыю ў ватыканскім Доме святой Марты. У 17.10 ён ужо быў у міжнародным аэрапорце Ф'юмічына, які знаходзіцца ў 29 кіламетрах ад Ватыкана. У 17.15 пачалася пасадка на папскі самалёт.
Пры адлёце Пантыфіка прысутнічаў пастыр дыяцэзіі Порта-Санта Руфіна, біскуп Джанрыка Руца, у душпастырскай юрысдыкцыі якой знаходзіцца рымскі міжнародны аэрапорт.
Падчас 13-гадзіннага пералёту ў Джакарту на борце самалёта A330 авіякампаніі ITA Airways Францішак павітае журналістаў, якія будуць асвятляць яго падарожжа, і сфатаграфуецца з экіпажам самалёта. Яму прапануюць вячэру, а раніцай – сняданак.
Самалёт Папы праляціць над 12 краінамі, у тым ліку над Турцыяй, Іранам, Пакістанам і Індыяй. Агульная адлегласць палёту складзе 11 354 кіламетра.
Варта адзначыць, што Джакарта знаходзіцца ў часавым поясе, дзе розніца з Рымам складае плюс 5 гадзін, што дадасць складанасці да і без таго напружанага графіка Пантыфіка.
Гэта падарожжа мае вялікае значэнне для Каталіцкага Касцёла, паколькі яно дазволіць Папу ўмацаваць сувязі з каталіцкімі супольнасцямі ў рэгіёне, пасадзейнічаць міжрэлігійнаму дыялогу ў краінах з пераважна мусульманскім і будысцкім насельніцтвам, а таксама прыцягнуць увагу да праблем беднасці, экалогіі і сацыяльнай справядлівасці.
Візіт падкрэслівае цікаваць Францішка да краін, дзе католікі знаходзяцца ў меншасці. Чакаецца, што ён прынясе новыя магчымасці для ўмацавання міжрэлігійнага дыялогу і садзейнічання міру і ўзаемаразумення ў рэгіёне.