Францішак: захаванне прыгажосці – місія Касцёла і грамадства
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Францішак у сваім звароце падкрэсліў важнасць праекта ініцыятывы італьянскага епіскапату і яе ролю ў фарміраванні адказнага стаўлення да навакольнага асяроддзя і грамадства. Ён адзначыў, што назва праекта – гэта не проста слоган, але цэлая філасофія жыцця, арыентаваная на дзве галоўныя мэты: захаванне і прыгажосць.
Пантыфік падкрэсліў, што захаванне патрабуе ўважлівасці, клопату і ўсведамлення каштоўнасці таго, што нам даверана. Ён заклікаў не баяцца "брудзiць рукi" і браць на сябе адказнасць за навакольны свет.
Францішак таксама звярнуў увагу на неабходнасць цэласнага падыходу да экалогіі, які ўключае не толькі клопат пра прыроду, але і пра людзей, асабліва тых, хто знаходзіцца на ўзбочыне грамадства.
Папа падкрэсліў важнасць правільнага разумення прыгажосці, якое не можа зводзіцца да павярхоўных эстэтычных стандартаў, а павінна ўключаць у сябе маральны і духоўны аспекты. Ён заклікаў удзельнікаў праекта не стамляцца ператвараць "агіднае ў прыгожае, дэградацыю ў магчымасць, беспарадак у гармонію".
У заключэнне Францішак падзякаваў удзельнікам праекта Захавальнікі прыгажосці за іх працу і заклікаў іх браць прыклад са святога Юзафа, які сваёй сціплай і працавітай вернасцю дапамог вярнуць прыгажосць у свет.