Сустрэча надзеі: Папа ў асаблівых дзяцей ва Усходнім Тыморы

У аўторак, 10 верасня 2024 года, Францішак наведаў школу для дзяцей з інваліднасцю ў Дзілі, сталіцы Усходняга Тымора. Візіт пачаўся ў 8.45 раніцы па мясцовым часе (2.45 па беларускім).

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Школай Irmãs Alma кіруе жаночая асацыяцыя свецкіх місіянерак ALMA, якая займаецца дапамогай найбольш неабароненым дзецям з фізічнымі і ментальнымі абмежаваннямі. Установа прапануе маладым людзям рэгулярныя тэрапеўтычныя сеансы, паляпшае іх харчаванне і забяспечвае лекамі для паляпшэння іх стану і ўдзелу ў жыцці мясцовай супольнасці. Акрамя таго, школа дапамагае сем'ям лепш прыняць і зразумець стан дзіцяці з інваліднасцю.

Сёстры ALMA таксама кіруюць дзіцячым домам і працуюць у краіне з 2004 года. Кангрэгацыя была заснавана ў 1960-х гадах у Маланге, ва Усходняй Яве. Гэта свецкі інстытут, які працуе ў галіне адукацыі, вядзе пропаведзь у аддаленых месцах, прапануе догляд за дзяцьмі з інваліднасцю, працуе ў сямейным душпастырстве, падтрымлівае свецкае апостальства.

Папу сустрэлі ля ўваходу ў школу спевамі сёстры і дзеці ў традыцыйных строях. Праз школьны двор Францішак накіраваўся ў Залу імя святога Вінцэнта дэ Поля для сустрэчы з прыкладна 50 дзецьмі і 30 сёстрамі. Адзін з дзяцей падарыў Святому Айцу традыцыйны шалік – tais.

Настаяцельніца ALMA прадставіла Пантыфіку дабрачынную дзейнасць школы. Пасля спеваў і танцаў Францішак падпісаў памятную дошку ў гонар 60-годдзя заснавання гэтага свецкага інстытута.

Візіт у школу Irmãs Alma скончыўся каля 9.15, пасля чаго Папа накіраваўся ў мясцовую катэдру Беззаганнага Зачацця, што знаходзіцца ў 4,4 кіламетрах ад школы.

Візіт падкрэсліў увагу Францішка да найбольш уразлівых прадстаўнікоў грамадства і яго падтрымку арганізацый, якія працуюць на карысць дзяцей з асаблівымі патрэбамі.
 

10 верасня 2024, 06:52