Святы Айцец да Касцёла ў Сінгапуры: без любові мы нішто

“Нішто трывалае не нараджаецца і не расце без любові”, - нагадаў Папа католікам Сінгапура, заклікаючы іх быць адлюстраваннем Божай любові ў сваім шматрэлігійным і шматкультурным грамадстве.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

12 верасня 2024 года Францішак узначаліў святую Імшу на сінгапурскім Нацыянальным стадыёне – сучаснай шматфункцыянальнай арэне, якая ўмяшчае да 55 тысяч чалавек. Літургія ў свята Найсвяцейшага Імя Марыі прайшла на англійскай мове, а падчас малітвы вернікаў гучалі таксама кітайская, тамільская і малайская мовы – усе яны з’яўляюцца афіцыйнымі ў Сінгапуры.

Папа пачаў гамілію словамі святога Паўла, скіраванымі да супольнасці Карынта, багатай харызмамі, якую апостал часта заклікаў да адзінства ў любові: “Пазнанне робіць ганарыстым, а любоў будуе” (1 Кар 8,1). Пантыфік падкрэсліў, што менавіта “любоў будуе” – гэта яна, а не толькі грошы, тэхніка і інжынерыя, ляжыць у аснове велічы і прыгажосці Сінгапура, з яго высокімі і сучаснымі будынкамі, а таксама кожнага добрага пачынання ў свеце.

Гэта не “наіўнае сцвярджэнне”, бо без любові не бывае жыцця і энтузіязму. “Калі ў гэтым свеце ёсць і захоўваецца нешта добрае, то толькі таму, што ў бясконцых і разнастайных абставінах любоў перамагла над нянавісцю, салідарнасць над раўнадушшам, шчодрасць над эгаізмам”, - дадаў Францішак, заклікаючы вернікаў памятаць: “Нішто трывалае не нараджаецца і не расце без любові”.

“Часам грандыёзнасць і велічэзнасць нашых праектаў можа прымусіць нас забыцца пра гэта, увесці ў зман, прымусіць думаць, што мы самі можам збудаваць сябе, наша багацце, дабрабыт і шчасце, але ў канчатковым рахунку жыццё вяртае нас да адной рэальнасці: без любові мы – нішто”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Пантыфік заклікаў вернікаў памятаць, што яшчэ большым цудам, чым будынкі, узведзеныя чалавечымі рукамі, з’яўляюцца людзі розных рэлігій і нацыянальнасцей, якіх яны штодзённа сустракаюць на сваім шляху, і якіх павінны прымаць з яшчэ большым захапленнем і павагай.

“Самы прыгожы будынак, самы каштоўны скарб, самае выгодная інвестыцыя ў вачах Бога – гэта мы: дзеці, любімыя тым жа самым Айцом, пакліканыя распаўсюджваць любоў”, - сказаў Папа, заклікаючы сінгапурскіх католікаў пашыраць Божую любоў у сваім шматкультурным і шматрэлігійным грамадстве, аказваючы міласэрнае служэнне слабым, суправаджаючы тых, хто не ўпэўнены на жыццёвым шляху, прабачаючы велікадушна, без меры і разліку, а таксама наследуючы прыклад святых, асабліва Панны Марыі і Францішка Ксаверыя.

Пасля святой Імшы Пантыфік накіруецца ў Цэнтр духоўных практыкаванняў святога Францішка Ксаверыя, сваю рэзідэнцыю на час візіту ў Сінгапур, дзе павячэрае і правядзе бліжэйшую ноч.
 

12 верасня 2024, 12:00