Святы Айцец на Імшы ў Бруселі: без любові не трывае нічога
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Кульмінацыйным момантам падарожжа Папы ў краіны Бенілюкса стала ўрачыстая святая Імша на стадыёне імя караля Бадуэна ў Бруселі, якая адбылася раніцай 29 верасня 2024 года. На пачатку цэлебрацыі Францішак беатыфікаваў іспанскую кармелітку Анну ад Езуса (свецкае імя Ана дэ Лобэра Торэс), якая жыла на мяжы XVI і XVII стагоддзяў, была паплечніцай святой Тэрэзы Авільскай і заснавала некалькі кармеліцкіх кляштараў на тэрыторыі Іспаніі, Францыі і Бельгіі.
Папа пачаў гамілію цытытай з Евангелля святога Марка: “Хто спакусіць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне, таму лепш было б, каб павесілі яму на шыю млынавы камень і кінулі яго ў мора”. Ён прапанаваў паразважаць над ёй праз прызму трох ключавых слоў: адкрытасць, еднасць і сведчанне.
Выконваць місію з пакорай, удзячнасцю і радасцю
Святы Айцец нагадаў, што ўсе ахрышчаныя ўключаны ў місію Касцёла не ў сілу сваіх заслуг, а дзякуючы ласцы Бога, Яго міласэрнасці і даверу, які, “нягледзячы на нашы недахопы і грахі, Ён працягвае аказваць нам з бацькоўскай любоўю, бачачы ў нас тое, што мы самі не можам бачыць”.
“І таму, калі мы хочам з адкрытай і клапатлівай любоўю супрацоўнічаць са свабоднай дзейнасцю Духа, не становячыся пры гэтым спакусай і перашкодай для нікога праз сваю ганарлівасць і закамянеласць, тады мы павінны выконваць сваю місію з пакорай, удзячнасцю і радасцю. Мы не павінны абурацца, а наадварот – радавацца таму факту, што таксама і іншыя могуць рабіць тое, што робім мы, каб Божае Валадарства расло і каб мы ўсе аднойчы злучыліся ў абдымках Айца”, - сказаў Папа.
Без любові нічога не трывае
Пантыфік заўважыў, што адзіным шляхам жыцця з’яўляецца шлях дару і любові. Шлях эгаізму, у сваю чаргу, стварае толькі тое, што спакушае людзей – закрытасць, муры і бар’еры, прывязваючы да матэрыяльных рэчаў і аддаляючы ад Бога і братоў. Ён згадаў таксама пра трагедыю сексуальных злоўжыванняў, падкрэсліваючы, што ім не павінна быць месца ў Касцёле.
Францішак заклікаў Касцёл у Бельгіі дапамагаць людзям, якія апынуліся ў цяжкай сітуацыі, у тым ліку мігрантам, якія не маюць дакументаў. Ён заахвоціў пазбягаць асуджэння, сквапнасці і быцця на адлегласці ад тых, каму патрэбна падтрымка.
“Калі хочам сеяць на будучыню, таксама на сацыяльным і эканамічным узроўні, нам будзе карысна паставіць у аснову нашых рашэнняў Евангелле міласэрнасці. У адваротным выпадку, наколькі б велічнымі не здаваліся помнікі нашай раскошы, яны заўсёды будуць калосамі на гліняных нагах. Давайце не будзем падманвацца: без любові нічога не трывае, усё знікае, усё разбураецца і пакідае нас у няволі мімалётнага, пустога і бессэнсоўнага жыцця, беззмястоўнага свету, які, нягледзячы на фасад, згубіў усякую пераканаўчасць, бо спакусіў малых”, - сказаў Папа.
Анна ад Езуса – прыклад сведчання, якога патрабуе Касцёл
Гаворачы пра важнасць сведчання, Францішак згадаў пра прыклад бельгійскіх святых, у прыватнасці пра Анну ад Езуса, беатыфікацыю якой ён здзейсніў напярэдадні. Папа нагадаў, што эпоха гэтай благаслаўлёнай была пазначана балючымі скандаламі, унутры і звонку хрысціянскай супольнасці. Аднак гэта манахіня і яе паплечніцы, праз простае і беднае жыццё, што складалася з малітвы, працы і дабрачыннага служэння, здолела вярнуць да веры такое мноства людзей, што асяродак гэтых законніц нехта назваў “духоўным магнітам”.
Францішак падкрэсліў, што Анна ад Езуса вырашыла не пакідаць пасля сябе напісаных пасланняў, але імкнулася спаўняць на практыцы ўсё, чаму навучылася, і сваім ладам жыцця паспрыяла ўзняццю Касцёла ў час вялікіх цяжкасцей. “Давайце ж з удзячнасцю прымем прыклад “жаночай святасці”, які яна пакінула, далікатны і моцны, складзены з адкрытасці, еднасці і сведчання. Давайце даверым сябе яе малітве, будзем наследаваць яе цноты і адновім разам з ёй нашу гатоўнасць сумесна ісці па слядах Пана”, - завяршыў гамілію Святы Айцец.