Святы Айцец распачаў падарожжа ў краіны Бенілюкса

26 верасня 2024 года Святы Айцец распачаў сваё 46-е Апостальскае падарожжа, у рамках якога наведае дзве невялікія еўрапейскія краіны – Люксембург і Бельгію.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Каля 8.00 па сярэднееўрапейскім часе Пантыфік прыбыў з Ватыкана ў рымскім аэрапорт Ф'юмічына, адкуль вылецеў у кірунку першага этапу сваёй пілігрымкі – Люксембруга. Візіт у гэту краіну будзе аднадзённым. Ён пройдзе пад дэвізам У дарогу, з надзеяй (En route, avec Espérance).

Перад гэтым, увечары 25 верасня, Папа наведаў рымскую базіліку Санта-Марыя-Маджорэ, каб у малітве перад абразом Маці Божай Salus Populi Romani даверыць падарожжа апецы Багародзіцы.

Палёт самалётам A320 Neo італьянскай авіякампаніі ITA Airways, будзе працягвацца каля дзвюх гадзін. За гэты час у паветры ён пераадолее 1170 кіламетраў над тэрыторыямі пяці краін – Італіі, Аўстрыі, Германіі, Бельгіі і Люксембурга.

Святы Айцец прызямліцца ў міжнародным аэрапорце Фіндэл каля 10.00. Пасля кароткай цырымоніі прывітання ён здзейсніць візіт ветлівасці да Вялікага герцага Люксембурга, сустрэнецца з Прэм’ер-міністрам краіны, прадстаўнікамі ўлады, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса, да якіх звернецца з прамовай.

У другой палове дня запланавана сустрэча Францішка з каталіцкай супольнасцю Люксембурга. Яна адбудзецца ў катэдральным саборы Нотр-Дам. Пасля звароту да мясцовых вернікаў і духавенства і кароткай цырымоніі развітання ў аэрапорце Фіндэл Святы Айцец адправіцца ў Бельгію. Галоўныя сустрэчы ў рамках візіту у гэту краіну распачнуцца 27 верасня.
 

26 верасня 2024, 08:15