Святы Айцец даў парады езуітам Інданезіі

4 верасня 2024 года Папа прыняў за закрытымі дзвярыма езуітаў, якія нясуць служэнне ў Інданезіі. Дыялог з сабратамі па Таварыстве Езуса – традыцыя ўсіх падарожжаў Францішка.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Сустрэча працягвалася каля гадзіны ў Апостальскай нунцыятуры ў Джакарце. У ёй бралі ўдзел каля 200 паслядоўнікаў святога Ігнацыя Лаёлы з 320, якія служаць на архіпелагу. Як звычайна яна праходзіла ў фармаце пытанняў і адказаў.

Ксёндз Антоніа Спадара, падсакратар Дыкастэрыі па справах культуры і адукацыі, які прысутнічаў на сустрэчы, назваў размову Папы з сабратамі “спакойнай, глыбокай і вострай”. Паводле яго слоў, Пантыфік адчуваў сябе вельмі натуральна, як у сям’і і быў прыемна здзіўлены вялікай колькасцю моладзі, якая праходзіць фармацыю ў Таварыстве Езуса ў Інданезіі.

Падчас гутаркі абмяркоўваліся розныя тэмы: “Папа казаў пра значэнне распазнавання і малітвы. Моладзь пыталася ў яго, калі ён знаходзіць час на малітву, а ён расказаў некалькі забаўных гісторый”. Закраналіся таксама пытанні, якія тычацца інданезійскага архіпелагу, “такія як міжрэлігійны дыялог і інкультурацыя”.

Ксёндз Спадара нагадаў, што католікі ў Інданезіі складаюць усяго 3 працэнты ад агульнай колькасці насельніцтва, але гэта 8 мільёнаў чалавек і таму вельмі значная лічба. Падчас сустрэчы з езуітамі Папа падкрэсліваў, што важна не колькасць, а жыццёвая сіла і здольнасць да росту. Для Святога Айца важна, каб хрысціяне садзейнічалі развіццю краіны, будучы як дрожджы, замяшаныя ў цеста, - дадаў італьянскі езуіт.
 

04 верасня 2024, 11:31