Дзеці моляцца Ружанец за мір: Папа падзякаваў маленькім вернікам
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Дзякую ўсім хлопчыкам і дзяўчынкам, якія прымаюць удзел у малітве. Мы далучаемся да іх і давяраем заступніцтву Багародзіцы народы, якія пакутуюць ад вайны”, - такое паведамленне было апублікавана на папскім акаўнце @pontifex у сацыяльнай сетцы X.
Ружанцоўвая малітва дзяцей у інтэнцыі міру арганізуецца Папскім фондам Дапамога Касцёлу ў патрэбе. Францішак асабіста заахвоціў да ўдзелу ў сёлетняй акцыі падчас сустрэчы з вернікамі на малітве Анёл Панскі, якая прайшла 13 кастрычніка на плошчы святога Пятра ў Ватыкане. На яго заклік адгукнуліся маленькія вернікі з многіх краін, у тым ліку з Беларусі.
Малітва ў духоўнай еднасці з дзецьмі ва ўсім свеце праводзілася і ў гарачых кропках планеты, напрыклад у катэдральным грэка-каталіцкім саборы святога Мікалая ва ўкраінскім Харкаве – горадзе, які падвяргаецца рэгулярным расійскім абстрэлам і бамбардзіроўкам. У ёй прынялі ўдзел дзеці, якія наведваюць катэхетычныя заняткі.