Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Папа католікам Блізкага Усходу: будзьце парасткамі надзеі ў цемры вайны

“Я заўсёды думаю пра вас і малюся за вас”, - такімі словамі Папа пачаў свой ліст да католікаў Блізкага Усходу, скіраваны 7 кастрычніка 2024 года, у Дзень посту і малітвы ў інтэнцыі міру і першую гадавіну нападу ХАМАС на Ізраіль, які стаў прычынай працяглай і крывавай вайны.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак заўважыў, што “кнот нянавісці”, які ўспыхнуў год таму, не толькі не пагас, але запаліў “спіраль насілля”, пры “ганебнай няздольнасці міжнароднай супольнасці і самых магутных краін прымусіць змоўкнуць зброю і пакласці канец трагедыі вайны”.

“Льецца кроў, льюцца слёзы, расце гнеў і жаданне адпомсціць, і пры гэтым здаецца, што мала хто клапоціцца пра тое, чаго найбольш патрабуюць і жадаюць людзі – пра дыялог і мір. Я не стамляюся паўтараць, што вайна – гэта паражэнне, што зброя не стварае будучыню, а разбурае яе, што насілле ніколі не прыносіць міру. Гісторыя даказвае гэта, але гады канфліктаў, здаецца, нічому не навучылі нас”, - напісаў ён.

Францішак заўважыў, што каталіцкая супольнасць, якая пражывае ў Святой Зямлі – гэта “маленькі, бездапаможны статак, які прагне міру”. Ён выказаў падзяку вернікам, якія не пакідаюць гэты рэгіён, умеюць маліцца і любіць, нягледзячы ні на што.

“Вы – зерне, умілаванае Богам. І як зерне, здавалася задушанае зямлёй, што накрывае яго, заўсёды ведае, як знайсці шлях уверх, да святла, каб прынесці плады і даць жыццё, так і вы не дазваляеце паглынуць сябе цемры, якая акружае вас, але, укаранёныя на сваіх святых землях, становіцеся парасткамі надзеі, бо святло веры вядзе вас да сведчання аб любові, калі гавораць аб нянавісці, да сустрэчы, калі бушуе канфрантацыя, да адзінства, калі ўсё ператвараецца ў супрацьстаянне”, - падкрэсліў Папа.

Пантыфік адзначыў, што вернікі Святой Зямлі сёння з’яўляюцца мучанікамі, але таксама “насеннем міру ў зіму вайны”, бо праз сваю веру ў Хрыста “ціхага і пакорнага сэрцам”, у Ім становяцца сведкамі бяззбройнага міру. “Сёння людзі не ведаюць, як знайсці мір, а мы, хрысціяне, не стамляемся прасіць аб ім Бога”, - адзначыў Святы Айцец, падкрэсліваючы важнасць малітвы і посту ў інтэнцыі міру, якім вырашыў прысвяціць спецыяльны дзень.

“Малітва і пост – гэта зброя любові, якая змяняе гісторыю, зброя, якія перамагае нашага адзінага ворага: духа зла, які распальвае вайну, бо ён “чалавеказабойца ад пачатку” і “няма ў ім праўды” (Ян 8,44)”, - сцвердзіў Францішак.

Папа запэўніў у сваёй духоўнай блізкасці “людзей усіх канфесій і рэлігій, якія пакутуюць на Блізкім Усходзе ад вар’яцтва вайны”. “Я разам з вамі, жыхары Газы, зраненыя і змучаныя, якія кожны дзень знаходзіцеся ў маіх думках і малітвах. Я разам з вамі, вымушаныя пакінуць свае дары, пакінуць школу і працу, вандраваць у пошуках месца, дзе можна схавацца ад бомб. Я разам з вамі, маці, якія праліваеце слёзы, гледзячы на сваіх забітых ці параненых дзяцей, як Марыя на Езуса; з вамі, дзеці, якія насяляеце вялікія землі Блізкага Усходу, дзе падкопы моцных гэтага свету адбіраюць у вас права гуляць. Я разам з вамі, якія баіцеся паглядзець увышыню, бо з нябёсаў на вас льецца агонь”, - напісаў Святы Айцец.

Францішак запэўніў у сваёй блізкасці людзей, “у якіх няма голасу, бо вельмі шмат кажуць пра планы і стратэгіі, але мала пра канкрэтную сітуацыю тых, хто пакутуе ад вайны, якую моцныя гэтага свету прымушаюць весці іншых”. “Я разам з вамі, якія прагнеце міра і справядлівасці, якія не скараецеся перад логікай зла і ў імя Езуса “любіце ворагаў вашых і моліцеся за тых, хто пераследуе вас”, - дадаў Папа.

Пантыфік выказаў падзяку католікам Святой Зямлі, якія, будучы мірнымі дзецьмі, “суцяшаюць сэрца Бога, зраненае чалавечым злом”. “І дзякую тым, хто ва ўсім свеце дапамагае вам, хто клапоціцца ў вас пра галоднага, хворага, вандроўнага, пакінутага, беднага і патрабуючага Хрыста”, - напісаў Францішак, заклікаючы ўсіх дабрачынцаў працягвацца рабіць гэта, а біскупаў і святароў працягваць несці Божае суцяшэнне ў сітуацыі чалавечай самотнасці.
 

07 кастрычніка 2024, 12:54