Францішак: сужонкі патрабуюць падтрымкі Святога Духа

Святы Дух стварае адзінства не толькі паміж Айцом і Сынам у Тройцы, але і паміж сужонкамі, - нагадаў Папа ў сваёй катэхезе падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 23 кастрычніка 2024 года на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак нагадаў, што рэфлексія Касцёла над прыродай Святога Духа не спынілася на фармуліроўцы, змешчанай у Сімвале веры: яна працягвалася Айцамі Касцёла, як на Усходзе, так і на Захадзе. Ён прапанаваў згадаць пра развіццё гэтага вучэння ў лацінскай традыцыі, каб “убачыць, як яно асвятляе ўсё хрысціянскае жыццё і асабліва сакрамэнт сужэнства”.

Святы Дух – повязь адзінства

Галоўным аўтарам вучэння пра Святога Духа з’яўляецца святы Аўгусцін, які адштурхоўваўся ад таго, што “Бог ёсць любоў” (1 Ян 4,8). “Любоў прадугледжвае таго, хто любіць, каго любяць і саму любоў, якая іх злучае. Айцец у Тройцы – гэта Той, хто любіць, крыніца і пачатак усяго; Сын – Той, каго любяць, а Святы Дух – гэта любоў, якая яднае іх. Таму Бог хрысціян – гэта Бог адзіны, але не адзінокі; Яго адзінства – гэта адзінства камуніі і любові”, - сказаў Папа, падкрэсліваючы, што Святы Дух уяўляе сабой “боскае “Мы” Айца і Сына”, повязь адзінства паміж рознымі асобамі, а таксама пачатак адзінства Касцёла – “аднаго цела”, якое складаецца з мноства людзей.

Дзеці патрабуюць еднасці паміж бацькамі

Затым Францішак закрануў тэму ролі Святога Духа ў сакрамэнце сужэнства. Ён нагадаў, што ў сужэнстве мужчына і жанчына прыносяць сябе дар адзін аднаму. Таму чалавечая пара – гэта першая і самая простая рэалізацыя адзінства любові, якім з’яўляецца Тройца. Ён падкрэсліў, важнасць таго, каб сужонкі давалі прыклад еднасці перад светам і ўласнымі дзецьмі.

“Якую вялікую патрэбу маюць дзеці ў гэтым адзінстве бацькоў і як моцна пакутуюць, калі гэтага адзінства няма! Як пакутуюць дзеці бацькоў, якія разыходзяцца, як пакутуюць...”, - сказаў Пантыфік.

Святы Дух умацоўвае здольнасць прыносіць сябе ў дар

На думку Папы, для таго, “каб адпавядаць гэтаму пакліканню, сужэнства патрабуе падтрымкі Таго, які ёсць Дарам”. “Там, куды ўваходзіць Святы Дух, здольнасць прыносіць сябе ў дар адраджаецца. Некаторыя Айцы лацінскага Касцёла сцвярджалі, што будучы ўзаемным дарам Айца і Сына ў Тройцы, Святы Дух з’яўляецца таксама прычынай радасці, якая пануе паміж імі, і кажучы пра іх, не баяліся выкарыстоўваць вобразы, уласцівыя сужэнскаму жыццю, такія як пацалункі і абдымкі”, - адзначыў Францішак.

Святы Дух ператварае “ваду звычкі” ў “радасць сумеснага быцця”

Святы Айцец заўважыў, што дасягненне такой еднасці – нялёгкая мэта ў сучасным свеце, але яна адпавядае задуме Творцы. “Канешне, можа здацца, што будаваць на пяску лягчэй і хутчэй, чым на скале; але прыпавесць Езуса кажа нам, да чаго гэта прывядзе (гл. Мц. 7, 24-27). У дадзеным выпадку нам нават не патрэбна прыпавесць, бо наступствы сужэнстваў, пабудаваных на пяску, на жаль, бачныя ўсім, і расплачваюцца за гэта ў асноўным дзеці. Дзеці пакутуюць, калі бацькі разыходзяцца і калі паміж імі адсутнічае любоў”, - з жалем канстатаваў Пантыфік.

“У адносінах да многіх мужоў і жонак даводзіцца паўтараць словы, якія Марыя сказала Езусу ў Кане Галілейскай: “Не маюць віна” (Ян 2,3). Святы Дух, аднак, працягвае здзяйсняць на духоўным узроўні цуд, які здзейсніў тады Езус, а менавіта: ператварае ваду звычкі ў новую радасць сумеснага быцця. Гаворка не ідзе пра пабожную ілюзію: Святы Дух зрабіў гэта у многіх сужэнствах, калі муж і жонка з рашучасцю звярталіся да Яго”, - падкрэсліў Папа.

Патрэба ў духоўнай падрыхтоўцы будучых сужонкаў

“Таму не будзе кепска, калі разам з інфармацыяй прававога, псіхалагічнага і маральнага характару, якая даецца падчас падрыхтоўкі заручаных да сужэнства, будзе паглыбляцца таксама іх “духоўная” падрыхтоўка”, - пажадаў Францішак, падкрэсліваючы, што паміж мужам і жонкай павінен быць “палец Божы”, якім ёсць Святы Дух.
 

23 кастрычніка 2024, 09:38

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >