Арцыбіскуп Бруна Фортэ на прэзентацыі Dilexit nos у Зале Друку Апостальскай Сталіцы Арцыбіскуп Бруна Фортэ на прэзентацыі Dilexit nos у Зале Друку Апостальскай Сталіцы 

Ключ да разумення пантыфікату: тэолаг пра новую энцыкліку

Новую энцыкліку пра Сэрца Хрыстова Папа Францішак адрасаваў усяму Касцёлу і ўсім, хто яго прымае. На гэта ўказаў арцыбіскуп Бруна Фортэ падчас прэзентацыі дакумента ў Зале Друку Апостальскай Сталіцы.

Ян Глінскі

Як сцвердзіў ватыканскі іерарх, энцыкліка Dilexit nos (з лацінскай мовы: Палюбіў нас) з’яўляецца ключом да разумення ўсяго навучання сённяшняга Пантыфіка. Італьянскі тэолаг заўважыў, што крыніцай “паслання, якое Папа даў Касцёлу і ўсёй чалавечай сям’і” з’яўляецца “Хрыстус і Яго любоў да ўсяго чалавецтва”. Як дадаў іерарх, менавіта гэтай праўдзе Хорхэ Марыа Берголіа прысвяціў усё сваё жыццё і “працягвае з запалам прысвячаць яго ў сваім служэнні як Біскуп Рыма і пастыр паўсюднага Касцёла”.

Удзельнікі прэзентацыі даведаліся, што многія разважанні Францішка былі натхнёныя неапублікаванымі тэкстамі нядаўна спачылага аргенцінскага езуіта айца Дыега Фарэса. Як падкрэсліў арцыбіскуп Фортэ, шматлікія раны, пакінутыя войнамі, насіллем, хваробамі і смярцямі, кранаюць нашыя сэрцы, а “тыя, хто гэтага не адчувае, дэманструюць, што яны высахлі”.

Іерарх таксама падкрэсліў, што ў варунках нарастаючай секулярызацыі набажэнства да Найсвяцейшага Сэрца Езуса “дапамагае нам ставіць любоў у цэнтры ўсяго”. Як дадаў італьянскі тэолаг, гэтае набажэнства з’яўлялася на духоўным шляху многіх святых: Вінцэнта дэ Поля, айца Піа, Маці Тэрэзы, Фаустыны Кавальскай і многіх іншых. Таксама і святы Ян Павел ІІ цесна яднаў свае разважанні на тэму міласэрнасці з набажэнствам да Сэрца Езуса.

Прысутная на прэзентацыі сястра Антанэла Фракара, якая займаецца вывучэннем жыцця і духоўнай спадчыны згаданага ў дакуменце святога Караля дэ Фуко, падкрэсліла, што праз сваю энцыкліку Папа Францішак спадарожнічае нам у паглыбленні каштоўнасцяў нашага сэрца. Dilexit Nos, як сцвердзіла яна, дае голас найбольш актуальным пытанням: Як пазнаваць праўду пра нас саміх у кантэксце, які ў значнай ступені кіруе нашымі выбарамі? Як мы любім уласнае жыццё і з якой любоўю ставімся да жыцця іншых? Як зразумець усю глыбіню іншага чалавека – такога, якім ён ёсць?

Як заўважыла італьянская законніца, алгарытм, які дзейнічае ў лічбавым свеце, паказвае, што нашы думкі і валявыя рашэнні значна больш “стандартныя”, чым мы маглі б сабе ўявіць. Іх лёгка прадказаць і імі лёгка маніпуляваць. З сэрцам усё інакш. Таму свет можа змяніцца, калі пачаць ад сэрца. Цытуючы Пантыфіка, яна падкрэсліла, што нашае сэрца, будучы “з’яднаным з Сэрцам Хрыста, здольнае на сацыяльны цуд; сур’ёзнае стаўленне да сэрца нясе сацыяльныя наступствы”.

Падчас прэс-канферэнцыі арцыбіскуп Бруна Фортэ не выключыў магчымасці паўтарэння акту прысвячэння свету Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса падчас Юбілейнага года.

25 кастрычніка 2024, 10:08