Пошук

Мазаіка з партрэтам Франка Базальі, якая будзе ўручана Папу Мазаіка з партрэтам Франка Базальі, якая будзе ўручана Папу  (DSM ASL Roma 2)

Мазаіка для Папы – падарунак ад людзей з псіхічнымі захворванням

Напярэдадні Сусветнага дня псіхічнага здароўя, які адзначаецца 10 кастрычніка, Папа атрымае ў дар мазаіку, створаную наведвальнікамі Цэнтра дзённай падтрымкі для людзей з псіхічнымі захворваннямі La fabbrica dei sogni (Фабрыка мар) у Рыме.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Падарунак будзе ўручаны Святому Айцу падчас агульнай аўдыенцыі, якая пройдзе 9 кастрычніка 2024 года ў Ватыкане. Мастацкі твор быў зроблены ў рамках праграмы па сацыяльнай інтэграцыі людзей з псіхічнымі захворваннямі, якая праводзіцца рэабілітацыйным цэнтрам.

Мазаіка ўяўляе сабой партрэт Франка Базальі – вядомага венецыянскага псіхіятра і ключавой фігуры ў рэформе псіхіятрычнай сістэмы ў Італіі, якая аказала ўплыў на развіццё гэтага напрамку медыцыны ва ўсім свеце. Базалья змяніў падыход да псіхіятрыі, падкрэсліваючы фундаментальную важнасць гуманных адносін да пацыентаў і павагі да годнасці і правоў кожнага чалавека, незалежна ад стану яго здароўя. Сёлета адзначаецца 100-годдзе з дня яго нараджэння.

Святы Айцец у сваіх зваротах на тэму аховы здароўя вельмі часта падкрэслівае важнасць менавіта цэласнага падыходу да лячэння хворых, які, па словах Папы, павінен прадугледжваць не толькі аказанне медыцынскай дапамогі, але таксама чалавечныя і цёплыя адносіны, сяброўства, салідарнасць і духоўную падтрымку.
 

08 кастрычніка 2024, 11:53