Дзяніс Лісейчыкаў на рымскай канферэнцыі аб Мітрапаліце Язэпе Руцкім Дзяніс Лісейчыкаў на рымскай канферэнцыі аб Мітрапаліце Язэпе Руцкім 

Рым: навуковец з Беларусі на форуме аб Мітрапаліце Руцкім

Некаторыя міфы, якія ўзніклі вакол пытання аб паходжанні ўраджэнца Навагрудчыны, грэка-каталіцкага Мітрапаліта Язэпа Руцкага, былі развенчаны падчас міжнароднай навуковай канферэнцыі, якая праходзіць у Рыме.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

16 кастрычніка 2024 года ў Папскім грыгарыянскім універсітэце распачаўся двухдзённы форум, прысвечаны ролі Мітрапаліта Кіеўскага Язэпа (Івана Іосіфа) Руцкага ў рэалізацыі рашэнняў Трыдэнцкага Сабора. 

Канферэнцыя, прымеркаваная да 450-годдзя з дня нараджэння гэтага рэлігійнага дзеяча, была арганізавана ў супрацоўніцтве з Украінскім каталіцкім універсітэтам і Пасольствам Літвы пры Святым Пасадзе. Яна паказвае, што ў касцёльным абнаўленні XVI-XVII стагоддзяў удзельнічалі не толькі каталіцкія супольнасці лацінскага абраду, але таксама ўсходняга, і галоўнае месца ў гэтым руху займаў Мітрапаліт Язэп Руцкі, хоць ён і знаходзіцца ў ценю свайго славутага сучасніка і паплечніка – святога Язафата Кунцэвіча.

Руцкі быў адным з самых выбітных дзеячаў Грэка-Каталіцкай Царквы ў Рэчы Пасталітай. Ахрышчаны ў кальвінісцкай веры, пасля знаёмства з езуітамі ён перайшоў у каталіцтва, а потым далучыўся да ўсходняга абраду і стаў руплівым апосталам пашырэння уніі, намагаючыся заахвоціць да яе не толькі праваслаўных Вялікага Княства Літоўскага, але таксама Маскоўскай дзяржавы.

Чалавек з выдатнай еўрапейскай адукацыяй, Язэп Руцкі заснаваў Ордэн базыліянаў – манаскую супольнасць, якая мела самую шырокую сетку манастыроў на тэрыторыі сучаснай Беларусі, а праз сваю актыўную працу з моладдзю, шматлікія школы і друкарні аказала значны ўплыў на духоўнае, культурнае і інтэлектуальнае жыццё беларускага народа.

Канферэнцыя ў Папскім грыгарыянскім універсітэце ўключае чатыры сесіі, у рамках якіх асоба і дзейнасць Руцкага разглядаюцца з розных пунктаў гледжання. Першае пасяджэнне было прысвечана біяграфічным і агіяграфічным аспектам. З дакладам на гэту тэму выступіў беларускі гісторык Дзяніс Лісейчыкаў, які пазнаёміў удзельнікаў форума з вынікамі даследаванняў генеалогіі, сям’і і дзяцінства Руцкага.

У каментары для Vatican News навуковец патлумачыў, што на працягу доўгага часу існавала вельмі шмат міфаў адносна ранняга перыяду жыцця Мітрапаліта Руцкага. Напрыклад, у многіх даследаваннях сцвярджаецца, што ў маленстве ён быў ахрышчаны ў праваслаўнай царкве, але вывучэнне дакументальных крыніц, выразна паказвае, што сакрамэнт хросту будучы іерарх атрымаў у навагрудскім кальвінісцкім зборы, згодна з веравызнаннем яго бацькоў.

Іншы міф датычыць каранёў рэлігійнага дзеяча. Пачынаючы з XVII стагоддзя была распаўсюджана версія пра тое, што род Руцкіх паходзіў з Маскоўскага княства, а на тэрыторыю ВКЛ перасяліўся падчас Лівонскай вайны. Аднак архіўныя дакументы дазволілі праліць святло і на гэта пытанне і прыйсці да высновы, што продкі грэка-каталіцкага іерарха пражывалі на тэрыторыі Навагрудчыны як мінімум з канца XV стагоддзя. На думку Дзяніса Лісейчыкава, версія пра маскоўскае паходжанне можа быць толькі легендай, прыдуманай пасля смерці Руцкага, каб спрыяць распаўсюджванню ўніі на ўсход.

Вывучэнне генеалогіі Руцкіх дазволіла зрабіць яшчэ адну гіпотэзу. Сімвалы, змешчаныя на асабістых пячатках і родавым гербе Мітрапаліта Язэпа Руцкага, а таксама некаторыя моманты яго біяграфіі, даюць падставы меркаваць, што продкі іерарха мелі татарскае паходжанне – прадстаўнікі гэтага народа здаўна пражывалі на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага і былі неад’емнай часткай яго шматкультурнага і шматрэлігійнага грамадства.

Канферэнцыя не абмежавана толькі раннім перыядам жыцця Язэпа Руцкага. Другая сесія навуковага форума будзе прысвечана яго рэфарматарскай дзейнасці, трэцяя – прысутнасці базыліянаў з Рэчы Паспалітай у Рыме, а чацвёртая – дакументальнай спадчыне і памяці пра Мітрапаліта Руцкага. З дакладамі на гэтыя тэмы на працягу бліжэйшых двух дзён выступяць даследчыкі з навуковых цэнтраў Украіны, Італіі, Аўстрыі, ЗША, Польшчы, Літвы, Венгрыі і Германіі. Гэта ў чарговы раз нагадвае пра тое, што гісторыя Беларусі неадрыўна звязана з гісторыяй іншых еўрапейскіх народаў, у якой нашы землякі пакінулі свой важны след.
 

16 кастрычніка 2024, 12:09