Афганскі фермер. Ілюстрацыйнае фота Афганскі фермер. Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Пантыфік: гарантаваць кожнаму чалавеку права на харчаванне

Права на харчаванне ляжыць у аснове годнага жыцця і лепшай будучыні чалавека, нагадаў Пантыфік у пасланні з нагоды Сусветнага дня харчавання, які адзначаецца 16 кастрычніка 2024 года.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У сваім звароце на імя Генеральнага дырэктара Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ФАО) Цюй Дун’юя, Святы Айцец падкрэсліў важнасць права на харчаванне як умовы годнага жыцця і лепшай будучыні чалавека. На жаль, права на харчаванне часта парушаецца, што мае згубныя наступствы для чалавецтва. Папа заклікаў да "трансфармацыі харчовых сістэм", каб гарантаваць права на харчаванне для кожнага. (ПОЎНЫ ТЭКСТ)

Францішак нагадаў аб сацыяльнай і культурнай значнасці ежы і падкрэсліў ролю дробных фермераў і сем’яў у яе забеспячэнні. Ён заклікаў да салідарнасці і субсідыярнасці пры распрацоўцы праграм і праектаў у галіне развіцця, каб яны адпавядалі патрэбам бедных, галодных і тых, хто жыве ў ізаляваных сельскіх раёнах. Папа нагадаў пра залатое правіла, якому вучыў Езус: “Усё, што хочаце, каб рабілі вам людзі, і вы ім рабіце, бо ў гэтым Закон і Прарокі” (Мц 7, 12).

Святы Айцец заахвоціў дзейнічаць у духу братэрства і памятаць, што планета, дадзеная нам Богам, павінна стаць садам, прыдатным для мірнага суіснавання. “Менавіта пра гэта я думаў, калі прапаноўваў разгледзець парадыгму інтэгральнай экалогіі, якая ўлічвае патрэбы кожнага чалавека”, абараняе годнасць і клапоціцца пра стварэнне, - напісаў у сваім пасланні Францішак.

Папа заклікаў ФАО кіравацца ідэалам справядлівасці, дзейнічаць у інтарэсах як цяперашніх, так і будучых пакаленняў, а таксама надаць новы сэнс міжнароднаму супрацоўніцтву. Ён запэўніў ФАО ў падтрымцы з боку Святога Пасада і Каталіцкага Касцёла, і заклікаў Божае благаслаўленне для ўсіх, хто вядзе высакародную барацьбу з голадам і галечай.

16 кастрычніка 2024, 14:38