Пантыфік: нават пасля вялікага зла ёсць месца для надзеі

Зло не мае апошняга слова, - нагадаў Папа ўдзельнікаў праекту па духоўным суправаджэнні мужчын і жанчын, якія перажылі страту дзіцяці да яго нараджэння, асабліва ў выніку аборту.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

30 кастрычніка 2024 года Пантыфік сустрэўся з удзельнікамі Праекта Надзея (Proyecto Esperanza) – ініцыятывы Біскупскай рады Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна (CELAM). “Дзякую за ваш візіт, я шчаслівы прывітаць вас у гэтым доме Пятра і ўсяго Касцёла ў радасны момант святкавання 25-годдзя вашага служэння людзям, пакуты якіх немагчыма выказаць словамі”, - сказаў Францішак.

Папа падкрэсліў, што “з’яўленне кожнага нованароджанага дзіцяці часта з’яўляецца сінонімам радасці, якая таямнічым чынам ахоплівае нас і вяртае надзею”. “Мы быццам адчуваем – не ведаючы, як гэта патлумачыць, – што кожнае дзіця абвяшчае нараджэння Езуса ў Бэтлееме, жаданне Бога пасяліцца ў нашых сэрцах”, - сказаў ён.

“Магчыма, менавіта таму Пан у педагогіцы свайго Евангелля хацеў, каб мы не абміналі смутку, які, будучы супрацьлегласцю гэтай радасці, узрушвае да глыбіні душы”, - адзначыў Францішак.

Святы Айцец згадаў словы прарока Ераміі: “Голас у Раме чутны, плач і лямант вялікі. Рахэль аплаквае дзяцей сваіх і не хоча суцешыцца, бо іх няма”, якія паказваюць неймаверныя пакуты, якія суправаджаюць гібель дзіцяці. “Старажытны аўтар, якога цытуе святы Тамаш Аквінскі, патлумачыў гэты тэкст, кажучы, што першы плач адносіцца да дзяцей, святых нявінных, і іх боль спыняецца са смерцю, а вялікі лямант – гэта плач маці, “які заўсёды ўзнаўляецца ўспамінамі”, - сказаў Папа.

Пантыфік спаслаўся таксама на Евангелле святога Мацвея, у якім пасля аповеду пра гібель бэтлеемскіх немаўлят, расказваецца пра ўцёкі Святой Сям’і ў Егіпет. Гэты ўрывак “быццам кажа, што такое вялікае зло аддаляе Езуса ад нас, перашкаджае Яму ўвайсці ў наш дом, заняць месца ў нашым заездзе”, - сказаў ён.

“Але мы не павінны губляць надзею: зло не мае апошняга слова, яно ніколі не бывае канчатковым. Падобна анёлу ў сне святога Юзафа, Бог абвяшчае нам, што пасля гэтай пустыні, Пан вернецца і ўступіць у валоданне сваім домам”, - запэўніў Папа.

“Для многіх людзей вы падобныя да гэтага анёла, і я дзякую вам за гэта. Давярайце моцнай руцэ святога Юзафа, каб гэтыя нашы сёстры маглі знайсці Езуса ў пустыні. Каб разам з Ім яны прыйшлі ў цёплы і бяспечны дом у Назарэце”, - падкрэсліў Святы Айцец.
 

30 кастрычніка 2024, 15:10