Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (REUTERS)

Францішак абвясціў імёны 21 новага кардынала

Папа абвясціў 6 кастрычніка 2024 года імёны 21 новага кардынала. Кансісторый, на якім яны атрымаюць інсігніі гэтай годнасці, адбудзецца 7 снежня 2024 года ў Ватыкане.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Новыя кардыналы прадстаўляюць розныя часткі свету: ад Ірана да Інданезіі, ад Японіі да Філіпін, ад Кот-д'Івуара да Алжыра, а таксама Італію, уключаючы новага генеральнага вікарыя Рымскай дыяцэзіі.

Нечакана, як ужо стала традыцыяй за амаль дванаццаць гадоў пантыфікату, Францішак зачытаў спіс новых кардыналаў з акна Апостальскага палаца пасля малітвы Анёл Панскі.

Цікава адзначыць, што сярод будучых кардыналаў нунцый Анджэла Ачэрбі, якому 99 гадоў, верагодна, самы сталы кардынал, прызначаны да гэтага часу. Ачэрбі будзе сярод кардыналаў, якія па ўзроставых прычынах не змогуць галасаваць на будучым канклаве.

У групу новых кардыналаў увайшлі: арцыбіскуп Анджэла Ачэрбі, апостальскі нунцый; арцыбіскуп Лімы ў Перу Карлас Густава Кастыльё Матасольё; арцыбіскуп Санцьяга-дэль-Эстэра ў Аргенціне Вісэнтэ Бакаліч Ігліч; арцыбіскуп Гваякіля ў Эквадоры Луіс Херарда Кабрэра Эрэра; арцыбіскуп Санцьяга-дэ-Чылі ў Чылі Фернанда Наталіё Чамалі Гарыб; арцыбіскуп Токіо ў Японіі Тарчызіё Ісаа Кікучы; біскуп Калаакана ў Філіпінах Пабла Віргіліё Сіёнгка Давід; арцыбіскуп Бялграда-Смедэрэва ў Сербіі Ладзіслаў Нэмэт; арцыбіскуп Порту-Алегры ў Бразіліі Жаімэ Спэнглер; арцыбіскуп Абіджана ў Кот-д'Івуары Іньяс Бэсі Догба; арцыбіскуп Алжыра ў Алжыры Жан-Поль Веско; біскуп Богара ў Інданезіі Паскаліс Бруна Сюкур; арцыбіскуп Тэгерана-Ісфахана ў Іране Дамінік Жазэф Мацьё; арцыбіскуп Турына ў Італіі Рабэрта Рэполе; новы вікарый Рымскай дыяцэзіі, арцыбіскуп Бальдасарэ Рэйна; арцыбіскуп Таронта ў Канадзе Фрэнсіс Леа; арцыпрэзбітэр-каад'ютар папскай базілікі Санта-Марыя-Маджорэ, арцыбіскуп Раландас Макрыцкас; экзарх украінскай епархіі Святых Пятра і Паўла ў Мельбурне Мікола Бычок; тэолаг, айцец Цімаці Пітэр Джозэф Рэдкліф; падсакратар секцыі па справах мігрантаў і бежанцаў Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, айцец Фабіё Баджа; ксёндз Джордж Джэйкаб Коавакад, супрацоўнік Дзяржаўнага сакратарыята, адказны за папскія падарожжы.

"Іх паходжанне выражае ўніверсальнасць Касцёла, які працягвае абвяшчаць міласэрную любоў Бога ўсім людзям зямлі. Уключэнне ў Рымскую дыяцэзію паказвае неразрыўную сувязь паміж Пятровым Пасадам і мясцовымі Касцёламі ва ўсім свеце", - падкрэсліў Папа.

Абвяшчэнне новых кардыналаў – заўсёды важная падзея. Яны не толькі дапамагаюць Папу ў кіраванні каталіцкай супольнасцю, але і выбіраюць новага Пантыфіка пасля смерці або адстаўкі папярэдняга. Таму склад Калегіі кардыналаў у пэўнай ступені вызначае будучыню Касцёла.

Кансісторый 7 снежня 2024 года стане чарговым крокам у фарміраванні Папам Францішкам свайго бачання кіраўніцтва Касцёлам. Яно характарызуецца большай увагай да перыферыі, да краін, якія традыцыйна былі недастаткова прадстаўлены ў Калегіі кардыналаў.
 

06 кастрычніка 2024, 12:51