Францішак побач з Апарэсідскай Мадоннай падчас свайго падарожжа ў Бразілію 24 ліпеня 2013 года Францішак побач з Апарэсідскай Мадоннай падчас свайго падарожжа ў Бразілію 24 ліпеня 2013 года 

Папа: Маці Божая з Апарэсіды – крыніца гармоніі і радасці

Папа падкрэсліў важнасць еднасці паміж хрысціянамі, усім чалавецтвам і прыродай у кароткім, але змястоўным відэапасланні з нагоды ўспаміну Маці Божай з Апарэсіды, нябеснай заступніцы Бразіліі, які адзначаецца 12 кастрычніка.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Відэазварот быў запісаны кардыналам-абраннікам Жаімэ Спэнглерам, арцыбіскупам Порту-Алегры, падчас працы Сінода Біскупаў, які цяпер праходзіць у Ватыкане.

Францішак распачаў з цёплага прывітання: "У дзень Маці Божай з Апарэсіды я хачу павітаць вас і быць блізка да вас”. Далей ён засяродзіўся на галоўным пасланні Багародзіцы, якое, па яго словах, заключаецца ў "поўнай гармоніі", і падкрэсліў неабходнасць гармоніі ў трох асноўных сферах: паміж усімі хрысціянамі, з усім чалавецтвам і з прыродай.

Асаблівую ўвагу Святы Айцец надаў экалагічнаму аспекту, падкрэсліўшы: "Мы павінны клапаціцца адзін пра аднаго і пра клімат". Францішак таксама згадаў пра сваю асабістую духоўную сувязь з Марыяй, адзначыўшы: "Я прашу Маці Божую з Апарэсіды, якую я наведваў некалькі разоў, каб яна благаславіла вас".

Завяршаючы сваё відэапасланне, Пантыфік заахвоціў бразільскіх вернікаў "рухацца наперад" і "быць радаснымі", паколькі Багародзіца з'яўляецца "Дзевай радасці".

Апошнія словы Францішка: "Няхай Пан благаславіць вас" – сталі не толькі традыцыйным благаслаўленнем, але і заклікам да актыўнага духоўнага жыцця.
 

12 кастрычніка 2024, 13:08