Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 

Папа: інвестыцыі ў вытворчасць зброі – прыбытак ад смерці

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 23 кастрычніка 2024 года на плошчы святога Пятра ў Ватыкане, Францішак заклікаў маліцца за мір, а таксама асудзіў атрыманне прыбытку ад інвестыцый у вытворчасць узбраенняў.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Браты і сёстры, давайце будзем маліцца за мір. Сёння раніцай я атрымаў статыстыку па загінулых ва Украіне... Гэта жахліва! Вайна не прабачае, вайна – гэта паражэнне ад самага пачатку. Давайце будзем маліць Пана аб міры, каб адарыў мірам усіх нас”, - сказаў Папа.

Францішак заклікаў не забываць таксама пра М’янму і Палесціну, “якая пакутуе ад нечалавечых нападаў”. Ён заахвоціў памятаць у малітве пра Ізраіль і ўсе іншыя краіны, якія пакутуюць ад вайны.

“Браты і сёстры, ёсць адна лічба, якая павінна спалохаць: інвестыцыі, якія сёння прыносяць найбольшы прыбытак – гэта інвестыцыі ў вытворчасць зброі. Гэта заробак грошай на смерці”, - падкрэсліў Святы Айцец.
 

23 кастрычніка 2024, 10:26