Кардынал Алешандрэ ду Нашсіменту (злева) Кардынал Алешандрэ ду Нашсіменту (злева) 

Папа: кардынал Нашсіменту стаў выразам міласэрнага аблічча Езуса

Папа накіраваў спачувальную тэлеграму ангольскаму арцыбіскупу Філамену ду Нашсіменту Віейра Дыясу, у сувязі са смерцю яго папярэдніка на пасадзе пастыра архідыяцэзіі Луанда, кардынала Алешандры ду Нашсіменту.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Святы Айцец выказаў глыбокую духоўную салідарнасць і еднасць у малітве з арцыбіскупам, біскупамі, духавенствам, рэлігійнымі супольнасцямі і вернікамі Луанды і ўсёй Анголы.

У сваім пасланні Францішак асаблівым чынам згадаў пра клопат, які кардынал Нашсіменту праяўляў да свайго статку “ў неспакойныя і складаныя часы, стаўшы для ўсіх выразам міласэрнага аблічча Езуса, Добрага самараніна для чалавецтва”.

“Вера ў Хрыста і надзея на вечнае жыццё зрабілі з яго адважнага і свабоднага чалавека, здольнага скіроўваць свае намаганні на карысць агульнага дабра”, - падкрэсліў Пантыфік, нагадваючы, што ў служэнні найбольш патрабуючым кардынал Нашсіменту супрацоўнічаў з Апостальская Сталіцай, кіруючы дзейнасцю Caritas International.

Папа выказаў удзячнасць Богу за служэнне ангольскага кардынала і запэўніў у малітве аб Божай міласэрнасці для яго душы, просячы Нябеснага Айца адкрыць яму браму вечнага жыцця.

Кардынал Алешандры ду Нашсіменту адышоў у вечнасць 28 верасня 2024 года ва ўзросце 99 гадоў. Акрамя пастырскага служэння ў роднай яму Анголе, у перыяд з 1986 па 2001 год іерарх займаў пасаду старшыні Caritas Internationalis, найбуйнейшай каталіцкай дабрачыннай арганізацыяй, аддзяленні якой прысутнічаюць у 162 краінах свету.
 

01 кастрычніка 2024, 09:26