Папа да G7: кожны чалавек з'яўляецца каштоўным дарам для грамадства

Ствараць грамадства, у якім годнасць кожнага чалавека цалкам прызнаецца і паважаецца, заклікаў Пантыфік удзельнікаў саміту G7, прысвечанага інклюзіўнасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

14 кастрычніка 2024 года ў Асізі распачаўся саміт міністраў па пытаннях інтэграцыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі краін Вялікай сямёркі. У мерапрыемстве прымаюць удзел таксама прадстаўнікі Еўрапейскага саюза, Кеніі, Туніса, ПАР і В'етнама. Абмяркоўваюцца пытанні падтрымкі людзей з інваліднасцю. 16 кастрычніка 2024 года на саміце была прынята Хартыя Сальфаньяна (Carta di Solfagnano), якая ўключае рэкамендацыі для далейшай працы ў сферы інклюзіўнасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Раніцай 17 кастрычніка 2024 года міністраў і дэлегатаў саміту прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане Францішак. У сваёй прамове ён зазначыў, што сустрэча G7 з'яўляецца значным крокам на шляху да больш справядлівага і больш інклюзіўнага грамадства. Святы Айцец падкрэсліў, што трэба казаць не пра інваліднасць, а пра розныя здольнасці, бо кожны чалавек валодае здольнасцямі, неабходнымі для таго, каб спрыяць развіццю грамадства. Ён прывёў у прыклад рэстаран, усе супрацоўнікі якога маюць абмежаваныя магчымасці, але выдатна выконваюць сваю працу. (ПОЎНЫ ТЭКСТ)

Папа адзначыў, што асноўныя тэмы Хартыі Сальфаньяна адпавядаюць погляду Касцёла на чалавечую годнасць. Кожны чалавек з'яўляецца неад'емнай часткай усеагульнай сям'і, і ніхто не павінен быць ахвярай культуры адкідаў. Інтэграцыя людзей з абмежаванымі магчымасцямі павінна быць прыярытэтам для ўсіх краін. Гэта немагчыма без ліквідацыі бар'ераў – фізічных, сацыяльных, культурных і рэлігійных, - зазначыў Святы Айцец.

Папа заклікаў змяніць грамадскую свядомасць, каб людзі з абмежаванымі магчымасцямі лічыліся паўнавартаснымі ўдзельнікамі грамадскага жыцця на ўсіх этапах існавання, ад дзяцінства да старасці.

Чалавек ніколі не павінен быць сродкам, заўсёды мэтай, - нагадаў Пантыфік. Сур'ёзнай формай дыскрымінацыі з'яўляецца пазбаўленне каго-небудзь магчымасці працаваць. “Праца – гэта годнасць”. Тое ж самае можна сказаць і пра ўдзел у культурным і спартыўным жыцці, - адзначыў Францішак, заклікаючы да шырокага выкарыстання новых тэхналогій у якасці інструментаў інклюзіўнасці. Ён заўважыў, што тэхналогіі павінны выкарыстоўвацца мудра і не паглыбляць няроўнасць.

Інтарэсы людзей з абмежаванымі магчымасцямі неабходна ўлічваць і ў сітуацыях гуманітарных крызісаў, канфліктаў і кліматычных змен, якія непрапарцыйна ўплываюць на найбольш уразлівых. Папа заклікаў стварыць такую сістэму папярэджання і рэагавання на надзвычайныя сітуацыі, якая б гарантавала гэтым людзям неабходную дапамогу.

Папа заахвоціў удзельнікаў саміту працягваць ісці па шляху, натхнёныя верай у тое, што кожны чалавек з'яўляецца каштоўным дарам для грамадства. “Разам мы можам стварыць грамадства, у якім годнасць кожнага чалавека цалкам прызнаецца і паважаецца. Няхай благаславіць вас Бог і заўсёды суправаджае на гэтым важным шляху," - завяршыў сваю прамову Францішак.

Пасля аўдыенцыі ўдзельнікі саміту на чале з італьянскім міністрам па справах людзей з абмежаванымі магчымасцямі Алесандрай Лакатэлі наведалі Музей Ватыканскага радыё ў Палацы Марконі. Візіт падкрэсліў важную ролі камунікацыйных тэхналогій у служэнні інклюзіўнаму грамадству.

Дэлегацыю прывітаў Прэфект Дыкастэрыі па справах камунікацыі Паола Руфіні, які заклікаў міністраў працягваць сумесную працу над стварэннем свету, у якім кожны, незалежна ад фізічных і ментальных магчымасцей, будзе адчуваць сябе часткай грамадства. Руфіні нагадаў, як амаль сто гадоў таму Гульельма Марконі заснаваў папскую радыёстанцыю, каб пераадолець камунікацыйныя бар’еры. Сёння Святы Пасад працягвае падтрымліваць і інфармаваць тых, хто знаходзіцца на перыферыі грамадства, з дапамогай такіх праектаў, як Ніхто не выключаны (Nessuno Escluso) і дадатак Ватыкан для ўсіх (Vatican for all).

На мерапрыемстве прысутнічалі таксама намеснік старшыні Канферэнцыі Біскупаў Італіі, арцыбіскуп Эрыё Кастэлучы, і кіраўніца службы душпастырства людзей з інваліднасцю пры Канферэнцыі Біскупаў Італіі, сястра Вераніка Данатэла, якія падзякавалі міністрам за прыхільнасць пытанню інклюзіўнасці, якое ўпершыню стала цэнтральнай тэмай парадку дня G7.

Візіт дэлегацыі міністраў G7 у Музей Ватыканскага радыё
Візіт дэлегацыі міністраў G7 у Музей Ватыканскага радыё
17 кастрычніка 2024, 11:32