Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: лацінская мова яднае навуку, культуру і палітыку

Папа Францішак адзначыў важнасць лацінскай мовы як інструмента рэфлексіі і дыялогу ў сучасным свеце падчас уручэння прэміі Папскіх акадэмій за 2023 год маладым навукоўцам.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сёлета ўзнагароды прысуджаны за даследаванні ў дзвюх галінах: De rerum natura (лацінская мова і навука) і De re publica (лацінская мова і палітыка). Сярод лаўрэатаў – прафесар Энрыка П'ерджакомі з Тэхналагічнага інстытута Ізраіля ў Хайфе, які даследуе ўзаемасувязь паміж класічнай думкай і сучаснымі навукамі, і група навукоўцаў, якія працуюць над нацыянальным выданнем Opera Mathematica Франчэска Маўроліка – матэматыка, святара і гуманіста XVI стагоддзя з Месіны.

Лацінская мова – гэта скарбніца ведаў і думкі, ключ да класічных тэкстаў, якія сфарміравалі наш свет

У пасланні да ўдзельнікаў цырымоніі Папа падкрэсліў, што лацінская мова з'яўляецца не толькі каранямі заходняй цывілізацыі, але і нашай ідэнтычнасці. Яна ахоплівае філасофію, навуку, мастацтва і палітыку, дэманструючы сваю ўнутраную каштоўнасць як інструмента рэфлексіі і дыялогу.

Францішак нагадаў, што тэма De rerum natura звяртае нашу ўвагу на цуды стварэння. У эпоху, калі мы ўсё больш усведамляем крохкасць навакольнага асяроддзя, разважанні пра навакольны свет становяцца вырашальнымі. Навука дае нам інструменты для разумення законаў прыроды, але толькі праз этычную, культурную і духоўную інтэрпрэтацыю мы можам сапраўды спасцігнуць глыбокі сэнс космасу.

Палітыка – высакародная справа, калі служыць грамадству, а не прыватным інтарэсам

Разважаючы пра тэму De re publica, Папа падкрэсліў важнасць палітыкі як служэння супольнасці. Ён заклікаў да фарміравання этасу, укаранёнага ў гуманістычных каштоўнасцях, што з'яўляецца заклікам да адказных дзеянняў у атмасферы дыялогу, павагі і інклюзіўнасці.

Святы Айцец выказаў спадзяванне на тое, што ўручаная 23 кастрычніка 2024 года прэмія стане знакам надзеі, а энтузіязм лаўрэатаў натхніць іншых на такую ж адданасць справе. Ён таксама падкрэсліў, што лацінская мова і інтэлектуальная спадчына чалавецтва могуць стаць інструментамі гармоніі паміж народамі, садзейнічання ўзаемнай павазе і чалавечай годнасці.
 

24 кастрычніка 2024, 10:11