Папа: місіянеры могуць быць будаўнікамі міру і братэрства
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Святы Айцец спадзяецца на тое, што ўсе, каму дарагія “самыя апошнія, каштоўнасці салідарнасці і гуманітарная дзейнасць, асабліва на тэрыторыях, пазначаных пакутамі”, змогуць атрымаць падтрымку, становячыся “такім чынам будаўнікамі міру і братэрства паміж народамі”, - гаворыцца ў пасланні, якое кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін скіраваў ад імя Папы да ўдзельнікаў канферэнцыі місіянераў, прысвечанай праблемам у сферы адукацыі на афрыканскім кантыненце.
Форум прайшоў 23 кастрычніка 2024 года ў італьянскім горадзе Пескара пры падтрымцы Міністэрствам замежных спраў і міжнароднага супрацоўніцтва Італіі.
Францішак заклікаў удзельнікаў сустрэчы “быць вытрывалымі ў прасоўванні культуры сустрэчы, адкрытай на паважлівы дыялог, як сапраўдныя сведкі жывога Евангелля міласэрнай любові”. Ён выказаў надзею на тое, што форум “будзе садзейнічаць абмену досведам у галіне сацыяльных і адукацыйных намаганняў тых, хто працуе на афрыканскім кантыненце”.
Удзельнікі канферэнцыі, у сваю чаргу, звярнуліся да ўрадавых і заканадаўчых органаў краін Вялікай сямёркі з заклікаў падтрымаць адукацыйныя ініцыятывы ў Афрыцы, падкрэсліваючы, што “гэта макрарэгіён з надзвычайным патэнцыялам, не толькі матэрыяльным, але, перш за ўсё, чалавечым і духоўным”.
Місіянеры нагадалі, што паводле даных ААН і Афрыканскага Саюза, каля 98 мільёнаў дзяцей у рэгіёне на поўдзень ад Сахары не наведваюць школу, а з агульнай колькасці няпоўналетніх на ўсім кантыненце, якая імкліва набліжаецца да мільярду, каля 86 працэнтаў не могуць атрымаць базавую адукацыю да дзесяці гадоў.