Папа падчас Імшы на адкрыццё Сінода: слухаць голас Бога і братоў

Сінод павінен стаць бяспечным і гасцінным месцам слухання голасу Бога і братоў. Для гэтага трэба быць здольнымі “расслабіць мускулы” і стаць малымі, як дзеці, у паслухмянасці закліку Езуса, - заўважыў Папа.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

2 кастрычніка 2024 года Францішак узначаліў у Ватыкане цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы на адкрыццё другой сесіі XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў. Яна будзе праходзіць да 27 кастрычніка на тэму: На карысць Касцёла сінадальнага: камунія, удзел і місія.

У гаміліі Пантыфік вылучыў некалькі важных патрабаванняў для сходу, спаслаўшыся на тры вобразы: голасу, прытулку і дзіцяці, прадстаўленыя ў літургічных чытаннях на свята святых Анёлаў Ахоўнікаў.

Слухаць голас Бога і братоў

“На шляху да Абяцанай зямлі Бог заклікаў народ слухаць голас анёла, якога Ён паслаў”, - нагадаў Папа, падкрэсліваючы, што Сінод – гэта таксама шлях, на якім трэба слухаць і спрабаваць зразумець “ідэі, чаканні, прапановы, каб разам распазнаць у іх голас Бога, які прамаўляе да Касцёла”. Для гэтага трэба вызваліцца ад усяго, што перашкаджае “любові Духа”, ствараць гармонію ў разнастайнасці.

“Кажучы канкрэтней, давайце будзем асцярожнымі, каб не ператварыць свой унёсак у абарону ўласнага пункту гледжання ці навязванне ўласнай павесткі дня, але прапануем яго як дар, якім трэба падзяліцца, гатовыя ахвяраваць нечым, калі гэта дазволіць увасобіць у жыццё нешта новае, згодна з Божай задумай. У адваротным выпадку ў нас будзе дыялог глухіх, дзе кожны намагаецца “ліць ваду на ўласны млын”, не слухаючы іншых, а ў першую чаргу голас Бога”, - сказаў Францішак.

Пантыфік нагадаў, што “рашэнні праблем, якія трэба вырашыць, маем не мы, а Бог”. “І будзем памятаць, што ў пустыні не жартуюць: калі не быць уважлівым да правадыра, спадзеючыся толькі на саміх сябе, можна памерці ад голаду і смагі, зацягнуўшы з сабой таксама і іншых. Таму давайце будзем слухаць голас Бога і Яго анёла, калі мы па-сапраўднаму хочам бяспечна працягваць наш шлях, нягледзячы на абмежаванні і цяжкасці”, - заахвоціў Святы Айцец.

Стварыць спакойнае і бяспечнае месца

Другі вобраз – прытулак, які, згодна з Псальмам 91, можна знайсці пад крыламі Бога. Разважаючы над ім, Папа заклікаў стварыць на Сінодзе атмасферу, у якой кожны зможа выказвацца свабодна. Ён заклікаў “моцных, добра падрыхтаваных” удзельнікаў, умець таксама “расслабіць мускулы і схіліцца, каб стаць адно для аднаго адкрытымі абдымкамі і месцам прытулку”.

Святы Айцец падкрэсліў, што кожны ўдзельнік Сінода зможа больш свабодна выказвацца, калі “адчуе вакол сябе прысутнасць сяброў, якія любяць і паважаюць яго, цэняць і жадаюць выслухаць тое, што ён хоча сказаць”. Францішак, адзначыў, што Касцёл мае патрэбу ў “спакойных і адкрытых месцах”, якія, у першую чаргу, трэба стварыць у сэрцах.

Сапраўдная веліч у здольнасці стаць малымі

Нарэшце, апошні вобраз, на якім засяродзіў увагу Пантыфік – дзіця, якое Езус паставіў у цэнтр, заклікаючы вучняў стаць малымі і прымаць дзяцей у імя Яго. “Адзіны шлях, каб быць “на вышыні” задання, даверанага нам, гэта стаць малымі і прымаць адзін аднаго такімі, якія мы ёсць, у пакоры”, - сцвердзіў Папа. “Давайце будзем памятаць, што менавіта стаўшы малым Бог “паказвае, у чым заключаецца сапраўдная веліч, і нават больш за гэта – паказвае, што значыць быць Богам”, - дадаў ён.

“Таму давайце папросім Пана падчас гэтай Эўхарыстыі, перажыць дні, якія чакаюць нас, пад знакам слухання, узаемнага ахоўвання і пакоры, каб чуць голас Духа, каб адчуваць сябе прынятымі і прымаць з любоўю і ніколі не губляць з поля зроку даверлівыя, нявінныя і простыя вочы малых, голасам якіх хочам стаць, і праз якіх Пан працягвае ўсклікаць да нашай свабоды і нашай патрэбы ў навяртанні”, - завяршыў гамілію Папа.
 

02 кастрычніка 2024, 10:56