Пачатак Другой сесіі Сінода: Папа пра будучыню Касцёла
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Пантыфік нагадаў прысутным, што з моманту, калі Касцёл быў "скліканы на Сінод" у кастрычніку 2021 года, ён прайшоў значную частку доўгага шляху, на які Бог Айцец заўсёды заклікае свой народ. Францішак падкрэсліў, што гэта Асамблея, кіраваная Духам Святым, павінна ўнесці істотны ўклад у стварэнне сапраўды сінадальнага Касцёла ў місіі.
Пантыфік заклікаў удзельнікаў Сінода да глыбокай пакоры і бязмежнай любові. Ён падкрэсліў, што хрысціяне павінны быць салідарнымі і спачувальнымі, адчуваючы сябе братамі і сёстрамі ўсіх людзей, падзяляючы іх боль і прызнаючы ў ранах і пакутах кожнага чалавека раны і пакуты самога Хрыста.
Святы Айцец адзначыў, што яго рашэнне ўключыць у склад XVI Асамблеі значную колькасць свецкіх асоб і кансэкраваных мужчын і жанчын, дыяканаў і прэзбітэраў як паўнапраўных членаў, з'яўляецца лагічным развіццём разумення біскупскага служэння, выказанага Другім Ватыканскім Саборам. Ён падкрэсліў, што біскуп, як бачны прынцып і падмурак адзінства мясцовага Касцёла, не можа ажыццяўляць сваё служэнне інакш, як толькі ў Божым народзе, з Божым народам і перад Божым народам.
Францішак адзначыў, што прысутнасць на агульным сінадальным сходзе людзей, якія не з'яўляюцца біскупамі, не змяншае біскупскае вымярэнне Асамблеі. Наадварот, гэта паказвае на новую форму, якую павінна прыняць ажыццяўленне біскупскай улады ў Касцёле, які ўсведамляе сябе па сваёй сутнасці рэляцыйным і таму сінадальным.
У заключэнні свайго выступлення Папа заклікаў усіх удзельнікаў Сінода адкрыцца дзеянню Духа Святога, які з'яўляецца надзейным правадніком і суцяшэннем. Ён выказаў надзею і ўпэўненасць, што Асамблея дапаможа Касцёлу стаць больш сінадальным і місіянерскім, здольным выйсці за межы сябе і дасягнуць геаграфічных і экзістэнцыяльных перыферый, усталёўваючы сувязі з усімі ў Хрысце, нашым Браце і Пану.