Наступствы вайны на Блізкім Усходзе Наступствы вайны на Блізкім Усходзе  (AFP or licensors)

Пантыфік заклікаў да спынення агню на Блізкім Усходзе

У сваім нядзельным звароце да вернікаў пасля малітвы Анёл Панскі Папа выказаў глыбокую занепакоенасць сітуацыяй на Блізкім Усходзе і заклікаў да неадкладнага спынення ваенных дзеянняў.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Напярэдадні гадавіны тэрарыстычнай атакі ХАМАС на Ізраіль Пантыфік нагадаў пра пакуты насельніцтва і выказаў асаблівую заклапочанасць лёсам закладнікаў у Газе, заклікаўшы да іх неадкладнага вызвалення.

“Заўтра спаўняецца год з дня тэрарыстычнай атакі супраць насельніцтва Ізраіля, якому я зноў выказваю сваю падтрымку. Не будзем забываць, што ў Газе яшчэ шмат закладнікаў, і я заклікаю да іх неадкладнага вызвалення”, - сказаў Папа.

Францішак нагадаў пра крызісную сітуацыю, якая склалася ў Газе і на іншых тэрыторыях, дзе мірнае насельніцтва пакутуе ад ваенных дзеянняў. Ён заклікаў да забеспячэння поўнага доступу да гуманітарнай дапамогі для ўсіх пацярпелых. “Насельніцтва Газы і іншых тэрыторый вельмі пакутуе. Гэта ў асноўным нявінныя мірныя жыхары, людзі, якія павінны атрымліваць неабходную гуманітарную дапамогу. Я заклікаю да неадкладнага спынення агню на ўсіх франтах, у тым ліку ў Ліване. Памолімся за ліванцаў, асабліва за жыхароў поўдня, якія вымушаныя пакінуць свае паселішчы”, - заклікаў Святы Айцец.

Папа выказаў асаблівую занепакоенасць нядаўняй атакай Ірана і звярнуўся да міжнароднай супольнасці з заклікам “спыніць спіраль помсты і не дапусціць паўтарэння атак”. Ён заклікаў міжнародную супольнасць прадухіліць пашырэнне канфлікту і гарантаваць права ўсіх краін на мірнае існаванне. “Усе краіны маюць права існаваць у міры і бяспецы, іх тэрыторыі не павінны падвяргацца атакам ці акупацыі. Суверэнітэт павінен паважацца і гарантавацца дыялогам і мірам, а не нянавісцю і вайной”, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец нагадаў пра ружанцовую малітву ў базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ, якую ён узначаліць увечары 6 кастрычніка 2024 года, напярэдадні Дня малітвы і посту ў інтэнцыі міру. Ён заклікаў да аб'яднання супраць "д'ябальскіх інтрыг вайны".

Францішак таксама выказаў спачуванне жыхарам Босніі і Герцагавіны, пацярпелым ад паводкі. “Няхай Пан прыме памерлых, суцешыць іх сем'і і падтрымае гэтыя супольнасці”, - сказаў ён.

06 кастрычніка 2024, 13:51