Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі Прэзідэнта Ліберыі

18 кастрычніка 2024 года Святы Айцец Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Апостальскім палацы Прэзідэнта Рэспублікі Ліберыя Джозефа Ньюма Баакаі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

У рамках візіту ў Ватыкан ліберыйскі палітык сустрэўся таксама з Дзяржаўным сакратаром Яго Святасці, кардыналам П’етра Паралінам, якога суправаджаў Сакратар па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі арцыбіскуп Пол Рычард Галахер.

У ходзе шчырых перамоў у Дзяржаўным сакратарыяце былі адзначаны добрыя адносіны паміж Святым Пасадам і Ліберыяй, а таксама супрацоўніцтва з Каталіцкім Касцёлам у галіне адукацыі і аховы здароўя. Абмяркоўваліся некаторыя аспекты сацыяльнай і эканамічнай сітуацыі ў краіне.

Акрамя таго, бакі абмяняліся меркаваннямі па актуальных міжнародных пытаннях, з асаблівай увагай да рэгіянальнай сітуацыі і міграцыйных працэсаў, - паведаміла Зала Друку Святога Пасаду.

Падчас сустрэчы Францішак уручыў Джозефу Ньюму Баакаі сімвалічныя падарункі: бронзавую скульптуру з выявай галубкі з аліўкавай галінкай і надпісам Будзьце пасланнікамі міру, а таксама некалькі сваіх дакументаў, сярод якіх пасланне на Сусветны дзень міру 2024 года.

Ліберыя, краіна ў Заходняй Афрыцы з насельніцтвам 4,5 мільёна чалавек, мае разнастайны рэлігійны склад: 76 працэнтаў насельніцтва з’яўляюцца прыхільнікамі розных пратэстанцкіх канфесій, 11 працэнтаў – мусульмане, католікі складаюць 7,2 працэнты насельніцтва.

18 кастрычніка 2024, 11:17