Святы Айцец рэарганізаваў структуру Рымскай дыяцэзіі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Рэарганізацыя стала “неабходнай і неадкладнай” па шэрагу прычын, якія тычацца “змены эпохі, якую мы перажываем”, і неабходнасці стварэння больш “дынамічнай і з’яднанай супольнасці”, якая больш не падзяляцца на цэнтр і ўскраіны, а дзейнічае як адзінае цэлае, - патлумачыў Папа ў Апостальскім лісце ў форме motu proprio пад назвай La vera bellezza (Сапраўдная прыгажосць), які датуецца 1 кастрычніка 2024 года.
Францішак падкрэсліў, што пашырэнне гарадской агламерацыі паступова стварыла фактычны падзел паміж цэнтральнай часткай Рымскай дыяцэзіі і яе перыферыямі. Гістарычны цэнтр – “вялікі санктуарый пад адкрытым небам” – становіцца ўсё больш ізаляваным, рызыкуючы ператварыцца ў музей, і перастаць быць месцам, здольным “выяўляць і пашыраць усю святасць Рыма”.
У сувязі з гэтым Папа вырашыў падзяліць тэрыторыю пяці прэфектур Цэнтральнага сектара Рымскай дыяцэзіі, які ўключае ў сябе 35 парафій, паміж чатырма іншымі сектарамі – Паўночным, Заходнім, Паўднёвым і Усходнім. Такім чынам не будзе “ізаляванага цэнтра і перыферыі”, а “Рымская дыяцэзія будзе разглядацца як адзіны цэнтр, які пашыраецца ў чатыры напрамкі”, - патлумачыў Святы Айцец.
Пантыфік перакананы, што ўключэнне тэрыторыі і святынь цэнтральнай часткі ў іншыя сектары дазволіць усім жыхарам горада адчуць сябе ўдзельнікамі ўсёй гісторыі хрысціянства ў Рыме. Гістарычны цэнтр, з яго храмамі і творамі мастацтва, рэліквіямі, сведчаннямі, традыцыямі і звычаямі дапаможа ўмацаваць тоеснасць ахрышчаных рымлян. У прыватнасці, гэта азначае, што сустрэчы, урачыстасці, сходы розных сектараў могуць быць узбагачаны старажытнымі месцамі, здольнымі візуалізаваць глыбокія карані, якія вызначалі тоеснасць рымскім вернікаў.
На думку Папы, гэта асабліва актуальна ў кантэксце Юбілею 2025 года. Базілікі Рыма і іх Святыя Дзверы павінны адкрыцца не толькі для пілігрымаў з усяго свету, але таксама стаць мэтай пілігрымак для саміх рымлян. Усе павінны адчуць сябе часткай гісторыі, поўнай святла і прыгажосці, прыняць яе і падзяліцца гэтай прыгажосцю з іншымі, - падкрэсліў Святы Айцец.