Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Святы Айцец: спорт павінен быць гімнам жыццю

Пантыфік нагадаў, што спорт аб’ядноўвае людзей і вучыць каштоўнасцям. Ён заклікаў журналістаў распаўсюджваць здаровую спартыўную культуру і расказваць пра спорт, як пра гімн жыццю.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

20 кастрычніка 2024 года Францішак скіраваў пасланне з нагоды 100-годдзя італьянскага спартыўнага выдання Corriere dello Sport-Stadio. “Сто гадоў – гэта важная дата, цудоўны трафей на вашай паліцы. Больш значны за наклад у два мільёны асобнікаў, прададзеных з нагоды перамогі Італіі на Чэмпіянаце свету па футболе ў 2006 годзе”, - напісаў Святы Айцец.

Папа прызнаўся, што думаючы пра спорт і пра сваю родную Аргенціну, ён згадвае не толькі пра вялікіх атлетаў, але ў першую чаргу пра дзяцей, якія гулялі ў футбол з мячом, зробленым з ануч.

“Многія чэмпіёны пачыналі так – бестурботна гуляючы з сябрамі на палях, імправізаваных паміж дамамі, нават у вельмі бедных кантэкстах”, - нагадаў Пантыфік, падкрэсліваючы, наколькі цудоўна адчуваць пачуццё братэрства, гуляючы разам.

“Так чалавек пазнае радасць перамогі і тое, якой вялікай працы і намаганняў яна каштуе, ён вучыцца таксама на паражэннях, ўздымаючыся і робячы ўрокі з памылак, каб паспрабаваць пераадолець іх у наступны раз, ці проста прыняць сваю адметнасць і абмежаванасць: мы ўсе каштоўныя і выключныя, але не дасканалыя”, - дадаў Святы Айцец.

Папа адзначыў, што сёння ёсць патрэба ў стварэнні пляцовак, на якіх дзеці могуць займацца спортам, а ў першую чаргу патрэба ў дарослых, якія будуць здольнымі па-сапраўднаму прымаць іх, слухаць іх мары, разам жадаць для іх лепшай будучыні. У гэтым кантэксце ён падкрэсліў важнасць парафіяльных футбольных палёў і араторыяў.

Пантыфік заўважыў таксама, што спорт спрыяе адзінству паміж людзьмі: гэта вельмі важна, бо ў апошнія гады мы бачылі “шмат падзеленых народаў ці груп унутры тых жа самых краін, якія паўставалі супраць іншых са зброяй у руках”.

“Спартыўнае саперніцтва – здаровае, бо патрабуе цярплівасці, увагі да трэнера, павагі да сапернікаў, правіл і арбітра, каардынацыі паміж таварышамі: у свеце, аднак, мэтай часта з’яўляецца знішчэнне саперніка, усталяванне ўласных правіл, адмаўленне ад тых, хто хоча суцішыць супрацьстаянне бакоў у адпаведнасці з міжнародным правам. Распаўсюджваць здаровую спартыўную культуры ў гэтым сэнсе значыць дапамагаць чалавецтву ўзрастаць у яго самых цудоўных і сапраўдных каштоўнасцях”, - напісаў Святы Айцец.

Папа заўважыў, што нягледзячы на выпадкі нецярпімасці, вартыя асуджэння, якія здараліся ў апошнія гады, ёсць нашмат больш прыкладаў таго, калі ў спорце людзі станавіліся здольным “быць камандай”, не дазваляючы расе, сацыяльнаму паходжанню ці веравызнанню стаць перашкодай і бар’ерам.

“Мы павінны адрынаць усякую логіку выключэння і насілля, і таму ведаем, што слова мае вялікае значэнне, каб вучыць дабру і прыгажосці, а не разбурэнню. Артыкул у часопісе, нават спартыўным, можа прынесці шмат дабра, але можа таксама нашкодзіць і распаліць атмасферу недаверу: не будзьце такімі, калі ласка!”, - заклікаў Францішак, выказваючы пажаданне, каб выданне расказвала пра спорт як пра гімн жыццю.
 

20 кастрычніка 2024, 09:26