Папа абвясціў новых святых: стыль хрысціяніна – служэнне
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Падчас літургіі Папа абвясціў святымі чатырнаццаць благаслаўлёных: Мануэля Руіса Лопеса і сем яго паплечнікаў з Ордэна Меншых Братоў; Францішка, Муці і Рафаэля Масабкі, свецкіх вернікаў, забітых з нянавісці да веры ў сірыйскім Дамаску ў 1860 годзе; Джузэпэ Аламана (1851-1926), італьянскага святара, заснавальніка Інстытута Місіянераў Маці Божай Суцяшэння і Сясцёр Місіянерак Маці Божай Суцяшэння; канадку Мары-Леоні Парадзі (свецкае імя – Віржыні Алодзі) (1840- 1912), заснавальніцу Кангрэгацыі Малых Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і; італьянку Элену Гуэра (1835-1914), заснавальніцу Кангрэгацыі Аблатак Духа Святога.
Пытанні, скіраваныя да кожнага з нас
У гаміліі Францішак пракаментаваў урывак з Евангелля святога Марка, у якім Езус задае апосталам Якубу і Яну два ключавыя пытанні: “Што хочаце, каб Я зрабіў вам?” (10,36) і “Ці можаце піць келіх, які Я п’ю, і прыняць хрост, якім Я ахрышчаны?” (10,38). Пантыфік адзначыў, што гэтыя пытанні “дапамагаюць адкрыць тое, што маем у сабе, праліваюць святло на тое, што носім у сэрцы” і таму варта ўявіць, што Езус скіроўвае іх да кожнага з нас.
Бог любові, прыйшоў, каб служыць
Папа заўважыў, што Якуб і Яны былі прывязаны да Езуса, хацелі быць з Ім, але таксама хацелі займаць ганаровыя месцы і важных пасады. Яны думалі пра Езуса, як пра хвалебнага Месію, і хацелі, каб Ён раздзяліў з імі Сваю хвалу. “Яны бачылі ў Езусе Месію, але ўяўлялі Яго згодна з логікай улады”, - нагадаў Святы Айцец.
Францішак падкрэсліў, што сваімі пытаннямі Езус дапамог вучнямі змяніць погляд. Ён адкрыў ім, што з’яўляецца Богам любові, які схіляецца, каб узняць прыніжаных, становіцца слабым, каб дапамагаць слабым, дзейнічае на карысць міру і прыйшоў, каб служыць, а не каб служылі Яму. Пантыфік, нагадаў, што “той, хто ідзе за Хрыстом, калі хоча быць вялікім, таксама павінен служыць па прыкладзе Езуса.
Навучыцца стылю Бога, якім ёсць служэнне
Папа падкрэсліў, што Хрыстус “дапамагае нам думаць не згодна з крытэрыямі свету, але згодна са стылем Бога, які стаў апошнім, каб апошнія ўзняліся і сталі першымі”. “І гэтыя пытанні Езуса, Яго навучанне служэнню, часта бываюць незразумелыя нам, як былі незразумелыя вучням. Але ідучы за Ім, ідучы па Яго слядах і прымаючы дар Яго любові, якая перамяняе наш лад мыслення, таксама і мы можам навучыцца стылю Бога: служэнню”, - запэўніў Святы Айцец, адзначаючы, што служэнне павінна быць таксама стылем жыцця хрысціян.
Служэнне – праява любові, якая не ведае меж
Францішак падкрэсліў, што служэнне – гэта не проста выкананне абавязкаў, а праява любові, якая не ведае меж. “Калі навучымся служыць, кожны наш жэст увагі і клопату, кожны выраз пяшчоты, кожны ўчынак міласэрнасці становяцца адлюстраваннем Божай любові. І так працягваецца дзейнасць Езуса ў свеце”, - сцвердзіў ён.
Францішак падкрэсліў, што менавіта так жылі новыя святыя. “Гэтыя новыя святыя жылі ў стылі Езуса, якім з’яўляецца служэнне. Вера і апостальства, якія яны неслі, не распальвалі ў іх мірскіх жаданняў і прагнення ўлады, але, наадварот, рабілі іх слугамі сваіх братоў і сясцёр, творчымі ў справах дабра, вытрывалымі ў цяжкасцях, шчодрымі да канца”, - сказаў Пантыфік. “Давайце ж з даверам будзем прасіць іх аб заступніцтве, каб і мы маглі ісці за Хрыстом, ісці за Ім у служэнні і стаць сведкамі надзеі для міру”, - заклікаў на заканчэнне гаміліі Папа.