Сустрэча Францішка з Уладзімірам Зяленскім 13 мая 2023 года Сустрэча Францішка з Уладзімірам Зяленскім 13 мая 2023 года  (Vatican Media)

Зяленскі зноў наведае Ватыкан: трэцяя сустрэча з Папам

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі наведае Ватыкан 11 кастрычніка 2024 года. Гэта будзе яго трэцяя сустрэча з Папам Францішкам з пачатку вайны ва Украіне. Яна пройдзе праз 17 месяцаў пасля іх апошняй вочнай размовы ў маі 2023 года.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас мінулай сустрэчы абодва бакі падкрэслілі важнасць гуманітарнай дапамогі ахвярам канфлікту. Папа асабліва адзначыў неабходнасць "жэстаў гуманнасці" ў адносінах да найбольш уразлівых.

Зяленскі, у сваю чаргу, падзякаваў Францішку за ўвагу да трагедыі мільёнаў украінцаў і закрануў пытанне дэпартаваных дзяцей, якіх неабходна вярнуць на Радзіму. Украінскі прэзідэнт таксама прадставіў Пантыфіку сваю Формулу міру, прапануючы далучыцца да яе рэалізацыі.

Сёлетняя сустрэча адбудзецца на фоне ваенных дзеянняў ва Украіне і шматлікіх заклікаў Папы да міру. Асаблівую ўвагу Святы Пасад надае абмену палоннымі і пошуку мірнага вырашэння канфлікту.

Важна адзначыць, што з пачатку вайны адбыліся некалькі значных падзей у адносінах паміж Украінай і Святым Пасадам. Сярод іх – місія кардынала Матэа Дзупі, які наведаў Кіеў, Маскву, Вашынгтон і Пекін з мэтай змякчэння напружанасці ў канфлікце.

Таксама прайшла сустрэча Зяленскага з Кардыналам-дзяржсакратаром П'етра Паралінам падчас яго візіту ва Украіну ў ліпені 2024 года. Тады ўкраінскі лідар узнагародзіў іерарха высокай дзяржаўнай узнагародай – Ордэнам за заслугі.

Наперадзе новая сустрэча, якая, магчыма, стане яшчэ адным крокам на шляху да міру і паразумення ў рэгіёне.
 

09 кастрычніка 2024, 15:09