Святы Айцец заклікаў маліцца за мір і ахвяр паводкі ў Валенсіі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Я заклікаю ўсіх вас жыць Евангеллем кожны дзень, будучы падтрыманымі верай і надзеяй. І будзем маліцца за мір. Давайце не будзем забываць пра змучаную Украіну, якая вельмі пакутуе, не будзем забываць пра Газу, Ізраіль. Нядаўна 153 мірныя жыхары былі расстраляныя з кулямётаў, калі ішлі па вуліцы. Гэта смутна. Давайце не будзем забываць пра М’янму і пра Валенсію ў Іспаніі”, - сказаў Святы Айцец.
Пантыфік заклікаў памаліцца за насельніцтва Валенсіі, просячы Бога праз заступніцтва Маці Божай Адрынутых, нябеснай апякункі гэтага іспанскага горада, фігурка якой знаходзілася падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы святога Пятра.
Вітаючы пілігрымаў з Польшчы, Францішак спаслаўся на актаву ўспаміну ўсіх памерлых, заклікаючы агарнуць заступніцкай малітвай усіх, хто апярэдзіў нас на шляху да вечнасці, асабліва ахвяр войнаў, несправядлівасці і прыродных катаклізмаў.