Пантыфік: Святы Дух вучыць шукаць у малітве Божага Валадарства
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Асвячальная дзейнасць Святога Духа выяўляецца не толькі ў Божым слове і сакрамэнтах, але таксама ў малітве, і менавіта ёй мы прысвецім сённяшняе разважанне”, - пачаў сваю катэхезу Францішак.
Пантыфік падкрэсліў, што Святы Дух з’яўляецца “адначасова суб’ектам і аб’ектам хрысціянскай малітвы”. “Мы молімся, каб атрымаць Святога Духа, і мы атрымліваем Святога Духа, каб па-сапраўднаму маліцца, гэта значыць маліцца як Божыя дзеці, а не як нявольнікі”, - патлумачыў Папа, дадаючы, што “маліцца заўсёды трэба свабодна”, калі “адчуваеш у сэрцы патрэбу”, а не з прымусу.
Маліцца, каб сышоў Святы Дух
На думку Францішка, у першую чаргу “мы павінны маліцца, каб атрымаць Святога Духа”. У сувязі з гэтым ён нагадаў словы Езуса Хрыста: “Калі ж вы, будучы дрэннымі, умееце даваць добрыя дары дзецям вашым, тым больш Айцец Нябесны дасць Духа Святога тым, хто просіць у Яго” (Лк 11,13). “У Новым Запавеце мы бачым, як Святы Дух заўсёды сыходзіць падчас малітвы. Ён сышоў на Езуса падчас хросту ў Ярдане, калі Ён “маліўся” (Лк 3,21); і Ён сышоў на вучняў у дзень Пяцідзясятніцы, калі “яны аднадушна трывалі ў малітве” (Дз 1,14)”, - сказаў Папа.
Святы Айцец падкрэсліў, што “гэта адзіная “ўлада”, якую мы маем над Духам Божым” – Ён не можа ўстаяць перад малітвай. Пантыфік нагадаў, што на гары Кармэль ілжэпрарокі Баала спрабавалі выклікаць агонь з неба на сваё ахвярапрынашэнне, але нічога не адбылося, бо яны былі ідалапаклоннікамі – пакланяліся богу, якое не існуе; але калі памаліўся Ілля, агонь сышоў і пажраў усеспаленне (1 Вал 18,20-38). “Касцёл верна наследуе гэты прыклад: на яго вуснах заўсёды знаходзіцца просьба “Прыйдзі!”, калі ён звяртаецца да Святога Духа, асабліва падчас Імшы, каб Ён сышоў як раса і асвяціў хлеб і віно для эўхарыстычнай ахвяры”, - падкрэсліў Францішак.
Святы Дух дазваляе маліцца
“Але ёсць і іншы аспект, самы важны і падбадзёрваючы для нас: Святы Дух – гэта Той, хто дазваляе нам маліцца па-сапраўднаму. Святы Павел кажа: “Дух дапамагае ў слабасцях нашых, бо мы не ведаем, аб чым трэба маліцца, але сам Дух заступаецца за нас стагнаннямі невымоўнымі. Той жа, хто даследуе сэрцы, ведае, чаго прагне Дух, бо Ён заступаецца за святых па волі Божай” (Рым 8, 26-27), - нагадаў Папа.
Францішак падкрэсліў, што прычыну слабасці нашай малітвы можна акрэсліць лацінскім выразам: mali, mala, male petimus, сэнс якога заключаецца ў тым, што будучы грэшнымі, мы просім не аб тым і не так. “Езус кажа: “Шукайце найперш Валадарства Божага і справядлівасці ягонай, а гэта ўсё дадасца вам” (Мц 6,33); а мы ў першую чаргу шукаем непатрэбнага, гэта значыць уласнай выгады, і забываем пра тое, каб прасіць аб Валадарстве Божым”, - дадаў Пантыфік.
Святы Дух дазваляе нам адчуць сябе Божым дзецьмі
“Сапраўды, Святы Дух прыходзіць на дапамогу ў нашых слабасцях, але Ён робіць і нешта значна больш важнае: Ён сведчыць нам пра тое, што мы Божыя дзеці, і ўкладае ў нашы вусны мальбу: “Абба! Ойча!”. Хрысціянская малітва – гэта не размова чалавека з Богам па тэлефоне, але калі Бог моліцца ў нас. Мы молімся Богу з дапамогай Бога”, - сказаў Папа.
Пантыфік нагадаў, што менавіта ў малітве Святы Дух выяўляе сябе як “Параклет”, гэта значыць як заступнік і абаронца. “Ён не абвінавачвае нас перад Айцом, а абараняе. Так, Ён паказвае нам, што мы грэшнікі, але робіць гэта, каб мы адчулі радасць міласэрнасці Айца, а не для таго, каб знішчыць нас бясплодным пачуццём віны. Нават калі наша сэрца папракае нас нечым, Ён нагадвае нам, што “Бог большы за нашае сэрца” (1 Ян 3,20)”, - сцвердзіў Францішак, заклікаючы ніколі не баяцца прасіць прабачэння ў Бога.
Святы Дух вучыць заступніцкай малітве
У апошняй частцы катэхезы Папа адзначыў таксама, што Святы Дух заступаецца за нас і вучыць заступацца за іншых людзей – вучыць заступніцкай малітве. “Гэта малітва асабліва прыемная Богу, бо яна самая шчырая і бескарыслівая. Калі кожны моліцца за ўсіх, атрымліваецца – заўважыў святы Амброзій, – што ўсе моляцца за кожнага; малітва памнажаецца. Гэта заданне, якое вельмі каштоўнае і неабходнае ў Касцёле, асабліва ў гэты час падрыхтоўкі да Юбілею: злучыцца з Параклетам, які заступаецца за ўсіх нас па волі Божай, - сказаў Пантыфік, заклікаючы вернікаў заўсёды маліцца не толькі вуснамі, але ў першую чаргу сэрцам.