Наступствы расійскага ракетнага ўдару па Харкаве ва Украіне Наступствы расійскага ракетнага ўдару па Харкаве ва Украіне 

Францішак: падтрымаць украінцаў перад абліччам суровай зімы

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 27 лістапада 2024 года ў Ватыкане, Папа заклікаў не забываць пра пакуты Украіны. Ён нагадаў пра надыход зімовых халадоў, што стане цяжкім выпрабаваннем, асабліва для дзяцей і моладзі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Давайце не будзем забываць пра змучаны ўкраінскі народ. Ён вельмі моцна пакутуе”, - сказаў Пантыфік, заклікаючы хлопчыкаў і дзяўчынак, прысутных на плошчы святога Пятра, падумаць дзяцей і моладзь ва Украіне, якая “моцна пакутуе ў гэты перыяд, без ацяплення падчас вельмі суровай зімы”. Францішак заахвоціў не забываць маліцца за іх.

“І будзем маліцца за мір у Святой Зямлі – у Назарэце, Палесціне, Ізраілі. Няхай наступіць мір. Людзі вельмі пакутуюць. Давайце ўсе разам будзем маліцца за мір”, - заахвоціў Пантыфік.

Вітаючы пілігрымаў з Польшчы, Святы Айцец заклікаў іх быць велікадушнымі і прыхільнымі міру, “падтрымліваючы тых, хто церпіць і пакутуе ад войнаў, асабліва ўкраінцаў, каб маглі перажыць гэту зіму”. “Гэта будзе цяжкая зіма для Украіны”, - са смуткам дадаў Папа.
 

27 лістапада 2024, 10:42