Францішак сустрэўся з былымі ізраільскімі заложнікамі

Папа сустрэўся ў Ватыкане з групай ізраільцян, якія былі захоплены баевікамі Хамас падчас нападу 7 кастрычніка 2023 года і на працягу некалькіх месяцаў утрымліваліся ў заложніках.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

У аўдыенцыі, якая адбылася 14 лістапада 2024 года ў Папскай бібліятэцы ў Апостальскім палацы, бралі ўдзел шаснаццаць чалавек, сярод якіх дзесяць жанчын, чатыры мужчыны і двое дзяцей.

Адзін з гасцей падарыў Святому Айцу футбольную майку з імем Таля Шахама, сваяка, які быў выкрадзены разам з жонкай, дзецьмі, цёшчай і іншымі членамі сям’і, некаторыя з якіх былі вызвалены ў рамках часовага пагаднення аб спыненні агню паміж Хамасам і Ізраілем, заключанага пры пасрэдніцтве Катара, Егіпта і ЗША. Фотаздымак маладога чалавека, а таксама яго ўзрост (38 гадоў на момант выкрадання, 39 гадоў на цяперашні час) быў размешчаны таксама на плакатах, якія некаторыя прысутныя прынеслі на сустрэчу з Папам.

Таксама і іншыя ўдзельнікі сустрэчы паказалі Святому Айцу плакаты з выявамі сваіх блізкіх, іх імёнамі, узростам, надпісам Bring him home (Вярніце яго дамоў) і лагатыпам Hostage Missing Families Forum, арганізацыі якая аб’ядноўвае сем’і выкрадзеных год таму людзей. Францішак усклаў руку на кожны фотаздымак на знак сваёй малітвы і благаслаўлення.

Пасольства Ізраіля пры Апостальскай Сталіцы апублікавала кароткае паведамленне ў сацыяльнай сетцы X, называючы сустрэчу кранальнай і заўважаючы, што Папа прадэманстраваў сваю блізкасць і прыхільнасць справе вызвалення іншых заложнікаў, якія ўсё яшчэ знаходзяцца ў няволі ў Газе.
 

14 лістапада 2024, 14:57