Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец: адкрыць прыгажосць малітвы Ружанца ў сям’і

“Няхай таксама і сёння праз пасланне Маці Божай Пампейскай, Пан зможа прамаўляць да чалавецтва, якое патрабуе адшукання шляху згоды і братэрства”, - пажадаў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

10 лістапада 2024 года Пантыфік скіраваў пасланне з нагоды святкавання 150-годдзя прыбыцця абраза Багародзіцы ў санктуарый Маці Божай Ружанцовай у Пампеях.

Папа нагадаў, што марыйная ікона была дастаўлена ў Пампеі па ініцыятыве заснавальніка санктуарыя, адваката Бартала Лонга. Гэта адбылося 13 лістапада 1875 года, усяго праз некалькі гадоў пасля таго як ён адшукаў веру, згубленую падчас вучобы ва ўніверсітэце. Пачуўшы ў сваёй душы таямнічы голас, які казаў: “Калі будзеш распаўсюджваць святы Ружанец, будзеш збаўлены”, Лонга стаў сапраўдным апосталам ружанцовай малітвы, пашыраючы яе з дапамогай розных ініцыятыў, тэкстаў, а ў першую чаргу праз набажэнства Пятнаццаці субот.

Францішак заклікаў “нанава адкрываць для сябе Ружанец, каб засвоіць таямніцы жыцця Збаўцы, сузіраючы іх позіркам Марыі”. “Ружанец – простая і даступная ўсім прылада – можа падтрымаць абноўленую евангелізацыю, да якой сёння пакліканы Касцёл”, - заўважыў ён.

“Неабходна нанава адкрыць прыгажосць Ружанца ў сем’ях і хатніх асяродках. Гэта малітва дапамагае будаваць мір і яе важна прапанаваць моладзі так, каб яна не ўспрымалася як нешта аднастайнае і манатоннае, але як чын любові, якая ніколі неперастае вылівацца. Насамрэч, Ружанец – гэта крыніца суцяшэння для хворых і пакутуючых, “салодкі ланцуг, які лучыць нас з Богам”, але таксама і ланцуг любові, які становіцца абдымкамі для апошніх і маргіналізаваных, якімі ў вачах Бартала Лонга былі ў першую чаргу сіроты і дзеці вязняў. Таму заахвочваю праз шматлікія ініцыятывы з абноўленымі высілкамі працягваць вялікую гісторыю любові, пачатую ім: яна з’яўляецца самай цудоўнай духоўнай спадчынай, якую пакінуў нам благаслаўлёны заснавальнік”, - дадаў Святы Айцец.

“Няхай таксама і сёння, праз пасланне Маці Божай Пампейскай, Пан зможа прамаўляць да чалавецтва, якое патрабуе адшукання шляху згоды і братэрства”, - пажадаў Францішак.
 

10 лістапада 2024, 11:30