Пошук

Папа моладзі: сведчыць пра прыгажосць самаадданага служэння

Сустрэча з Хрыстом, дае жыццю новы гарызонт і надзею. Трэба дапамагчы людзям спазнаць гэты досвед, - заклікаў Папа членаў італьянскай Нацыянальнай рады моладзі, якіх прыняў 16 лістапада 2024 года на аўдыенцыі ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Мы часта сустракаем людзей, якія ўпадаюць у паняверку, бо глядзяць на свет скептычна і песімістычна”, - заўважыў у сваёй прамове Пантыфік, заклікаючы моладзь ніколі не губляць здольнасць марыць, каб не ператварыцца ў “жыццёвых пенсіянераў” – людзей, якія не з’яўляюцца старымі, але адмовіліся ад актыўнага ўдзелу ў жыцці, прафесійнай і сацыяльнай дзейнасці.

Быць голасам тых, хто не мае голасу

Францішак заўважыў, што Нацыянальная рада моладзі прадстаўляе інтарэсы новых пакаленняў у розных дзяржаўных і міжнародных установах, у сувязі з чым, заахвоціў сваіх гасцей “быць голасам усіх, асабліва тых, хто не мае голасу” з прычыны беднасці, неадукаванасці, нарказалежнасці ці адсутнасці ўмення марыць.

Аб’яднаць намаганні на карысць пашырэння адукацыі

Святы Айцец звярнуў увагу на шматлікія сацыяльныя праблемы, з якімі сутыкаецца моладзь, у тым ліку на пашырэнне ўзроўню насілля і суіцыдаў, якія з’яўляюцца прыкметамі трывожнай і складанай сітуацыі. “Вы ведаеце, што ў свеце публікуюцца не ўсе выпадкі самагубстваў сярод моладзі, яны хаваюцца”, - дадаў Папа, адзначаючы важнасць аб’яднання намаганняў у сферы пашырэння адукацыі, якія будуць ахопліваць усіх.

Сведчыць пра прыгажосць альтруістычнага служэння

“Вы пакліканы быць сведкамі прыгажосці і навізны жыцця. Існуе прыгажосць, якая выходзіць за рамкі бачнага: гэта прыгажосць людзей, якія з любоўю жывуць сваім асабістым пакліканнем, альтруістычна служаць грамадству, самааддана працуюць дзеля шчасця сям’і, бескарысліва дапамагаюць расці сацыяльнаму сяброўству. Адкрыць, паказаць і падкрэсліць гэту прыгажосць – значыць закласці асновы сацыяльнай салідарнасці і культуры сустрэчы. Ваша шчырае служэнне праўдзе і свабодзе, справядлівасці і міру, сям’і і палітыцы – самы цудоўны і самы неабходны ўклад, які вы можаце ўнесці ў структуры пабудовы новага грамадства”, - сцвердзіў Пантыфік, заклікаючы сваіх гасцей да канкрэтных дзеянняў, пачынаючы з прысвячэння часу ўласным дзецям і клопату пра пажылых людзей.

Сустрэча з Хрыстом дае жыццю новы гарызонт і надзею

Святы Айцец даручыў моладзі заданне ніколі не замоўчваць праўду пра тое, што Бог жыве, збаўляе і любіць кожнага чалавека. “Зло, песімізм, скептыцызм ніколі не будуць мець апошняга слова”, - сказаў ён, заклікаючы дапамагаць іншым людзям сустрэцца з Хрыстом, бо гэта сустрэча “дае жыццю новы гарызонт” і надзею.

Канфлікты могуць стаць нагодай для ўзаемнага росту

Пантыфік параіў маладым людзям не баяцца канфліктаў, але мець цярплівасць, каб ператвараць іх у нагоду для ўзаемнага слухання, разумення пазіцыі іншага і ўзаемнага росту. “Спроба пераадолець канфлікт – гэта прыкмета таго, што мы паставілі перад сабой больш высокую мэту, вышэйшую за нашы ўласныя інтарэсы, каб выбрацца з зыбучых пяскоў сацыяльнай варожасці”, - патлумачыў ён.

Наследаваць прыклад благаслаўлёнага П’ера Джорджыа Фрасаці

Напрыканцы сваёй прамовы Францішак даверыў моладзь нябеснаму заступніцтву благаслаўлёнага П’ера Джорджыа Фрасаці. “Вы яго ведаеце? Я з маленства чуў пра яго, бо мой тата быў членам Каталіцкай акцыі. П’ер Джорджыа Фрасаці быў маладым чалавекам, такім як вы, які сведчыў сваім жыццём пра радасць Евангелля. Заахвочваю вас пазнаёміцца з ім і наследаваць яго паслядоўнасць і адвагу”, - заклікаў Святы Айцец.
 

16 лістапада 2024, 10:11