Пошук

Падчас нядзельнай малітвы Анёл Панскі на плошчы святога Пятра Падчас нядзельнай малітвы Анёл Панскі на плошчы святога Пятра  (ANSA)

Папа назваў дакладныя даты кананізацыі двух заступнікаў моладзі

Падчас сустрэчы з вернікамі на малітве Анёл Панскі 24 лістапада 2024 года Францішак абвясціў, што кананізацыя бласлаўлёнага Карла Акуціса адбудзецца 27 красавіка 2025 года, а П'ера Джорджа Фрасаці – 3 жніўня 2025 года.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Абвяшчэнне дат кананізацыі двух маладых благаслаўлёных стала галоўнай навіной нядзельнай сустрэчы Папы з вернікамі. Абедзве падзеі адбудуцца ў межах Юбілейнага 2025 года: кананізацыя Карла Акуціса – падчас Юбілею падлеткаў, а П'ера Джорджа Фрасаці – падчас Юбілею моладзі.

Святы Айцец таксама нагадаў, што сёння ў партыкулярных Касцёлах адзначаецца 39-я Сусветны дзень моладзі. Ён павітаў дэлегацыі з Партугаліі і Паўднёвай Карэі, што прынялі ўдзел у перадачы Крыжа СДМ, які цяпер накіроўваецца ў Сеул, дзе ў 2027 годзе адбудзецца наступны глабальны моладзевы форум.

Папа выказаў занепакоенасць сітуацыяй у М'янме, заклікаючы да спынення канфліктаў і пачатку шчырага дыялогу на карысць трывалага міру. Ён таксама заклікаў працягваць маліцца за "змучаную Украіну, якая так пакутуе", а таксама за мір у Палесціне, Ізраілі, Ліване і Судане.
 

24 лістапада 2024, 13:18