Папа: адукацыя – місія, ад якой залежыць будучыня хрысціянства
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Францішак нагадаў, што ў маі 2024 года ў структуру Папскага Грыгарыянскага ўніверсітэта, былі ўключаны яшчэ дзве ўстановы: Папскі біблійны інстытут і Папскі ўсходні інстытут. У той жа час ён падкрэсліў, што пошук эфектыўнасці і структурныя змены не будуць мець паспяховага выніку без увагі да таго, што адбываецца ў свеце і ў Касцёле і без аналізу гэтага ў святле місіі, якую Хрыстус даручыў Таварыству Езуса.
Дабро хрысціянства залежыць ад фармацыі моладзі
Святы Айцец спаслаўся на вытокі Папскага Грыгарыянскага ўніверсітэта, заснаванага ў 1551 годзе святым Ігнацыем Лаёлам як Рымскі калегіум. Ён выказаў шкадаванне з той прычыны, што “была страчана магчымасць вярнуць гэту назву”, што “дазволіла б злучыцца з першапачатковымі мэтамі” ўстановы.
Пантыфік нагадаў словы сакратара святога Ігнацыя Лаёлы, які, акрэсліваючы прычыны ўдзелу Таварыства Езуса ў адукацыйнай дзейнасці, казаў пра тое, што “дабро хрысціянства і ўсяго свету залежаць ад добрай фармацыі моладзі, для якой вельмі патрэбны цнатлівыя і мудрыя выхавацелі”.
Быць місіянерамі, укладаючы ў фармацыю сэрца
Папа заклікаў дакладна ўсведамляць місіянерскую мэту служэння ўніверсітэта. “Бачанне і ўсведамленне мэты перашкодзіць “кока-колаізацыі” даследаванняў і навучання, якое прыводзіць да духоўнай “кока-колаізацыі”. На жаль, сёння ёсць вельмі шмат вучняў “духоўнай кока-колы”, - сказаў ён.
Святы Айцец падкрэсліў, што прыбыў у Папскі Грыгарыянскі ўніверсітэт, каб нагадаць езуітам пра пакліканне “быць місіянерамі з любові да братоў і сясцёр” і адкрытымі на заклік Пана. Ён заўважыў, што навучальная ўстанова павінна быць месцам, дзе місіянерства выражаецца ў фармацыйнай дзейнасці, якая рэалізуецца ўкладаючы сэрца.
“Фармацыя – гэта ў першую чаргу клопат пра асобу, а значыць асцярожнае, каштоўнае і далікатнае дзеянне з любоўю. У адваротным выпадку выхаванне ператворыцца ў сухі інтэлектуалізм ці скажоны нарцысцызм, у сапраўдную духоўную распусту, дзе іншыя існуюць толькі як гледачы, што пляскаюць у далоні, скрыні для напаўнення эгаізмам тых, хто навучае”, - папярэдзіў Францішак.
Мудрасць узнікае не з абстрактных ідэй, а ўвагі да рэальнасці
Папа спаслаўся на сваю энцыкліку Dilexit nos, падкрэсліваючы, што неабходна ператварыць універсітэт у “дом сэрца”, а гэта патрабуе адраджэння “тэалогіі ўцелаўлення”. Святы Айцец заахвоціў таксама глыбей даследаваць усходнія традыцыі, што будзе спрыяць абмену дарамі.
Па словах Францішка, Папскі Грыгарыянскі ўніверсітэт павінен спараджаць мудрасць, якая не можа ўзнікнуць на падставе абстрактных ідэй, распрацаваных за пісьмовым сталом, але з ведання і адчування цяжкасцей канкрэтнай гісторыі, кантакту з жыццём народаў і сімваламі культур, увагі да пытанняў і воклічу бедных.
Святы Айцец нагадаў, што ўніверсітэт ажыццяўляе сваю дзейнасць згодна з місіяй, даручанай яму Біскупам Рыма. У сувязі з гэтым ён заклікаў умацоўваць сувязі з Касцёлам, для чаго бывае неабходным “адкінуць уласныя меркаванні і быць гатовым ва ўсім падпарадкоўвацца святой Маці Касцёлу”.