Папа: братэрскаму грамадству вучацца за школьнай партай

Святы Айцец адзначыў важнасць выхавання моладзі на евангельскіх каштоўнасцях для фармавання адказных і адкрытых людзей, здольных пабудаваць братэрскае грамадства.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

21 лістапада 2024 года Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане дэлегацыю буйнога выдавецтва La Scuola з італьянскага горада Брэшыя. На працягу многіх дзесяцігоддзяў яно супрацоўнічае з каталіцкімі навучальнымі ўстановамі, у тым ліку з Каталіцкім універсітэтам Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Мілане, выпускаючы падручнікі, часопісы для педагогаў і праводзячы курсы павышэння кваліфікацыі для настаўнікаў.

Святы Айцец падкрэсліў, што “навучанне дзяцей і моладзі евангельскім каштоўнасцям азначае ўнясенне істотнага ўкладу ў фармаванне грамадства адказных людзей, здольных будаваць адносіны братэрства з усімі”.

Францішак таксама адзначыў, што “быць католікамі азначае ўмець заўважаць і прымаць тое дабро, якое Святы Дух распаўсюджвае паўсюль, без страху страціць уласную тоеснасць”. У сувязі з гэтым ён заўважыў, што каталіцкія школы павінны вучыць адкрытасці і дыялогу з усімі: моладзь павінна ўмець адкрываць розум і сэрца для свету.

“Выхаванне не заключаецца ў тым, каб забіваць галаву ідэямі, а ў тым, каб суправаджаць і падтрымліваць вучняў і студэнтаў у працэсе чалавечага і духоўнага развіцця, паказваючы ім, як сяброўства з Уваскрослым Езусам пашырае сэрца і робіць жыццё больш чалавечным”, - адзначыў Папа, заклікаючы сем’і, школы і ўсё грамадства аб’яднаць намаганні дзеля выхавання моладзі.

Святы Айцец падзякаваў сваім гасцям за тое, што яны сваімі кнігамі дапамагаюць студэнтам і школьнікам думаць, пашыраць розум і сэрцы на розныя формы ведаў, адкрываць дух на гісторыю, якая нас стварыла, а таксама разумець грамадскую каштоўнасць рэлігіі.

“Змена эпохі, далёка не з’яўляючыся падставай для скаргаў і страхаў, з’яўляецца новай магчымасцю: будучыня належыць новым пакаленням, і яны змогуць яе пабудаваць, калі настаўнікі, якіх вы навучаеце, здолеюць перадаць ім упэўненасць і смеласць, а падрыхтаваныя вамі тэксты разбудзяць прагу ведаў і мудрасці”, - дадаў Францішак.

“Біблія вучыць нас таму, што ў крызісныя моманты голас прарокаў здольны паказаць гарызонты надзеі”, - сказаў Папа, заклікаючы прадстаўнікоў выдавецтва працягваць сваю працу з усведамленнем таго, што братэрскаму грамадству вучацца за школьнай партай дзякуючы добрым падручнікам, кампетэнтным і зацікаўленым педагогам, а таксама сучасным тэхнічным прыладам, адпаведным патрэбам навучэнцаў.
 

21 лістапада 2024, 10:45