На плошчы святога Пятра падчас Angelus. 2024.11.03 На плошчы святога Пятра падчас Angelus. 2024.11.03   (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Пантыфік: вайна павінна быць забаронена ва ўсім свеце

Падчас традыцыйнай нядзельнай сустрэчы з вернікамі Папа выказаўся супраць вайны як сродку вырашэння міжнародных канфліктаў і заклікаў да малітвы за краіны, якія пакутуюць ад узброенага супрацьстаяння.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У першую нядзелю апошняга месяца восені, 3 лістапада 2024 года, Францішак звярнуўся да рымлян і пілігрымаў з Італіі і іншых краін, сабраных на плошчы святога Пятра. Сярод прысутных былі сёстры кармеліткі-місіянеркі Духа Святога, якія сёлета адзначаюць значную дату - 25-годдзе сваёй свецкай супольнасці. Таксама прысутнічалі вернікі з Венецыі, Пантасьевэ, Барберына-дэль-Муджэла, Эмпалі і Палерма, а таксама з рымскай парафіі Санта-Марыя-але-Фарначы.

“Вайна павінна быць забаронена, а праблемы трэба вырашаць праз права і перамовы”

Пантыфік асабліва цёпла павітаў добраахвотнікаў па здачы крыві з Кокальё (правінцыя Брэшыя) і прадстаўнікоў арганізацыі Emergency з паўднёвага Рыма. Апошнія працуюць над захаваннем памяці пра 11-ы артыкул Італьянскай Канстытуцыі, які адмаўляе вайну як сродак нападу на свабоду іншых народаў і як спосаб вырашэння міжнародных спрэчак. "Памятайце гэты артыкул. Наперад!" - падкрэсліў Папа.

Францішак падкрэсліў, што гэты прынцып павінен быць рэалізаваны ва ўсім свеце. "Няхай змоўкне зброя і адкрыецца прастора для дыялогу", - заклікаў Папа. Ён заахвоціў усіх да малітвы за краіны, якія знаходзяцца ў стане вайны або канфлікту: за пакутлівую Украіну, Палесціну, Ізраіль, М'янму і Паўднёвы Судан.

“Што я раблю для людзей, якія пакутуюць? Ці малюся, ці ахвярую нешта?”

Асаблівую ўвагу Святы Айцец надаў сітуацыі ў Валенсіі і іншых рэгіёнах Іспаніі, якія перажываюць цяжкія часы. Ён заклікаў вернікаў задаць сабе пытанне: "Што я раблю для людзей Валенсіі? Ці малюся я, ці ахвярую нешта?", падкрэсліваючы важнасць не толькі малітвы, але і канкрэтных учынкаў міласэрнасці.

Традыцыйна Папа завяршыў сваё выступленне пажаданнем добрай нядзелі і просьбай не забывацца маліцца за яго. "Жадаю ўсім добрага абеду і да пабачэння", - развітаўся Святы Айцец з прысутнымі на ватыканскай плошчы вернікамі, захоўваючы традыцыю нядзельных сустрэч, якія заўсёды завяршаюцца гэтымі простымі і сардэчнымі словамі.
 

03 лістапада 2024, 12:34