Папа: хачу, каб адбыўся экуменічны Сінод аб евангелізацыі

11 лістапада 2024 года Ватыкан упершыню наведала дэлегацыя Сінода Мартаміцкай Царквы, распаўсюджанай у Індыі. Францішак прыняў яе прадстаўнікоў на аўдыенцыі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Гэта радасны дзень у гісторыі нашых Цэркваў, бо ўпершыню Святы Сінод паважанай Сіра-Маланкарскай Мартаміцкай Царквы наведвае Касцёл у Рыме, каб абмяняцца абдымкамі супакою з яго біскупам”, - пачаў свой зварот Пантыфік. Ён заўважыў, што гэта хрысціянская супольнасць з’яўляцца спадчынніцай двух традыцый: “хрысціян святога Тамаша” і евангелічнай, “таму па праве называецца “Царквой-мастом” паміж Усходам і Захадам”.

Збліжэнне адбываецца малымі крокамі

“Мартаміцкая Царква мае экуменічнае пакліканне і не выпадкова, што яна хутка ўключылася ў экуменічны рух, устанавіўшы многія і разнастайныя двухбаковыя адносіны з хрысціянамі розных традыцый”, - сказаў Папа. Ён нагадаў, што першыя кантакты гэтай Царквы з Касцёлам у Рыме адносяцца да часоў Другога Ватыканскага Сабора, на якім яе будучы Мітрапаліт, Філіпас Мар Хрызастом, прысутнічаў у якасці назіральніка. “Збліжэнне адбываецца праз малыя крокі”, - падкрэсліў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што ў апошнія гады кантакты паміж Цэрквамі набылі форму афіцыйнага дыялогу, у рамках якога ў снежні 2023 года адбылася першая сустрэча. “Мяне радуе пачатак гэтага дыялогу, які я давяраю Святому Духу і спадзяюся, што ён наблізіць дзень, калі мы зможам раздзяліць тую ж самую Эўхарыстыю, спаўняючы прароцтва Пана: “Прыйдуць з усходу і захаду і зоймуць месца за сталом” (Мц 8,11)”, - сказаў Францішак.

Дыялог у духу экуменічнай сінадальнасці

Папа вылучыў дзве перспектывы дыялогу паміж Цэрквамі. У першую чаргу – сінадальнасць. Ён спаслаўся на Выніковы дакумент кастрычніцкага Сінода Біскупаў, у якім сцвярджаецца, што трэба не толькі “надаваць больш увагі сінадальным практыкам нашых экуменічных партнёраў, як на Усходзе, так і на Захадзе”, але “і ўяўляць сабе экуменічныя сінадальныя практыкі, аж да форм кансультацый і разважанняў па пытаннях, якія прадстаўляюць агульны інтарэс і неадкладнасць”. “Я ўпэўнены, што Ваша Царква можа дапамагчы на гэтым шляху экуменічнай сінадальнасці”, - падкрэсліў Папа.

Пантыфік нагадаў словы праваслаўнага Мітрапаліта Іаана Зізіуласа, які казаў, што Цэрквы дасягнуць поўнага адзінства пасля Апошняга суда, але да гэтага часу яны павінны ісці разам, маліцца разам і працаваць разам.

Разам палепшыць сведчанне хрысціян

Другая перспектыва дыялогу, якую вылучыў Святы Айцец – місіянерства. Ён нагадаў, што сінадальнасць і экуменізм – неадлучныя. Іх мэта – лепшае сведчанне хрысціян, але місіянерства можа быць не толькі канчатковым пунктам, але і сродкам на шляху. “Я перакананы ў тым, што працаваць разам, каб сведчыць пра Уваскрослага Хрыста – гэта найлепшы спосаб для збліжэння. Таму, як прапанаваў наш нядаўні Сінод, я жадаю, каб аднойчы мог адбыцца экуменічны Сінод аб евангелізацыі, у якім прымуць удзел усе. Гэты Сінод адбудзецца, каб маліцца, разважаваць і працаваць разам на карысць лепшага хрысціянскага сведчання, “каб паверыў свет” (Ян 17,21)”, - сказаў Папа, выказваючы ўпэўненасць у тым, што форуме зможа прыняць удзел і Мартаміцкая Царква, якая нясе ў сабе місіянерскае вымярэнне і можа многаму навучыць іншых.
 

11 лістапада 2024, 10:16