Папа Францішак Папа Францішак  (ANSA)

Папа: надзея – гэта дар і заданне кожнага хрысціяніна

Тэалагічнай цноце надзеі прысвечана новая кніга Францішка, якая выйшла ў свет 6 лістапада 2024 года ў Ватыканскім выдавецтве LEV пад загалоўкам “Надзея – гэта святло ўначы” (“La speranza è una luce nella notte”).

Марыя Валодзіна - Vatican News

У прадмове Святы Айцец нагадаў, што прысвяціў Юбілейны 2025 год тэме надзеі – найважнейшай і вырашальнай хрысціянскай цноце, асабліва ў наш час “фрагментарнай трэцяй сусветнай вайны”, якая можа прывесці нас “да змрочнага смутку ці дрэнна схаванага цынізму”.

Надзея як дар

Францішак прапануе знайсці апору ў надзеі. “Надзея – гэта дар Божы і задача кожнага хрысціяніна”, - напісаў ён. Папа падкрэсліў, што надзея не з’яўляецца простай праявай аптымізму, якім мы кіруемся, калі спадзяемся на поспех на экзамене або на добрае надвор’е для паездкі за горад. “Надзея – гэта чаканне таго, што ўжо дадзена нам: збаўлення ў вечнай і бясконцай любові Бога”. Тая любоў і тое збаўленне, якія “з'яўляюцца стрыжнем, на якім трымаецца свет, нягледзячы на ўсё зло і беды, выкліканыя нашымі грахамі”, - зазначыў Пантыфік.

Надзея як заданне

Надзея – гэта таксама заданне, якое мусяць выконваць хрысціяне на карысць усіх сваіх братоў і сясцёр, адзначыў Францішак, спасылаючыся на Мадлен Дэльбрэль, французскую пісьменніцу XX стагоддзя, якая пісала, што хрысціянская надзея – гэта “той вузкі хрыбет, тая мяжа”, на якой мы кожны дзень і кожную гадзіну павінны выбіраць вернасць Богу і яго вернасці нам. Быць вернымі гэтаму дару — наш адказ на Божую любоў, і гэта вернасць не ўзнікае з нашых намаганняў, а з’яўляецца дзейнасцю Святога Духа ў нашых сэрцах. Але ўвага: не мы спараджаем гэтую вернасць, - папярэдзіў Папа. Гэта дар Божы, які дзейнічае ў нас, у нашых сэрцах. Таму мы павінны быць адкрытымі на дзеянне Бога ў нашым жыцці, актыўна заклікаючы гэты дар.

Надзея з адкрытымі вачыма

Каб жыць надзеяй, патрабуецца "містыцызм з адкрытымі вачыма", “уменне паўсюль распазнаваць прыкметы надзеі, прарыў магчымага ў немагчымае, Божая ласка там, дзе, здавалася б, грэх падарваў усялякі давер”.

Францішак прывёў у прыклад двух бацькоў, ізраільцяніна Рамі і палесцінца Басама, якія страцілі дачок у кровапралітным канфлікце ў Святой Зямлі. Нягледзячы на боль і пакуты, яны сталі сябрамі, братамі: яны ўспрымаюць прабачэнне і прымірэнне як канкрэтны, прароцкі і сапраўдны жэст. “Сустрэча з імі дала мне так шмат, так шмат надзеі. Іх сяброўства і братэрства навучылі мяне таму, што апошняе слова не можа заставацца за нянавісцю”, - сказаў Святы Айцец. Прымірэнне гэтых двух мужчын з'яўляецца “прадвесцем больш шырокага прымірэння” і “непераможным знакам надзеі”. А надзея адкрывае новыя гарызонты, - падкрэсліў Папа, запрашаючы чытачоў зрабіць просты, але канкрэтны крок: увечары, перад тым як легчы спаць, разважаючы пра падзеі і сустрэчы дня, пашукаць у гэтым дні які-небудзь знак надзеі.

Пантыфік заахвоціў вернікаў шукаць знакі надзеі ў дробязях: нечаканая ўсмешка, праява бескарыслівасці ў школе, добры ўчынак на працоўным месцы, жэст дапамогі, хай нават невялікі: надзея – гэта "дзіцячая цнота", пісаў Шарль Пегі. “Нам трэба зноў стаць як дзеці, з іх здольнасцю здзіўляцца, пазнаваць свет і шанаваць яго. Давайце навучымся распазнаваць надзею. Тады мы зможам здзіўляцца таму, як шмат добрага ёсць у свеце. І нашы сэрцы асвяціць надзея. Тады мы зможам стаць маякамі будучыні для тых, хто навокал”, - напісаў Святы Айцец.

Зборнік прамоў Францішка на тэму надзеі
Зборнік прамоў Францішка на тэму надзеі
06 лістапада 2024, 13:07