Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Папа нунцыю ў Кіеве: няхай апошняе слова ў гэтай вайне скажа Бог

19 лістапада 2024 года, у тысячны дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны, Святы Айцец скіраваў ліст да Апостальскага нунцыя ў Кіеве, арцыбіскупа Вісвальдаса Кульбокаса.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Дарагі брат, праз гэты ліст, які скіроўваю да цябе, як майго прадстаўніка ў дарагой і змучанай Украіне, хачу абняць усіх яе грамадзян, дзе б яны не знаходзіліся”, - пачаў сваё пасланне Францішак. Ён заўважыў, што нагодай для гэтага ліста стаў тысячны дзень “поўнамаштабнай ваеннай агрэсіі, якой падвяргаюцца ўкраінцы”.

“Я добра ведаю, што ніводнае чалавечае слова не можа абараніць іх жыцці ад штодзённых бамбардзіровак, суцешыць тых, хто аплаквае загінулых, залячыць раны, вярнуць на радзіму дзяцей, вызваліць палонных, зменшыць лютыя наступствы зімы, аднавіць справядлівасць і мір. І менавіта гэта слова – МІР, – на жаль забытае ў сучасным свеце, мы хочам пачуць у сем’ях, дамах і на плошчах дарагой Украіны. На жаль, прынамсі цяпер, гэта не так!”, - канстатаваў Пантыфік.

Папа прызнаўся, што не хоча, каб яго словы былі простымі словамі, хоць і поўнымі салідарнасці, але “настойлівым ускліканнем да Бога, адзінай крыніцы жыцця, надзеі і мудрасці, каб перамяніў сэрцы і зрабіў іх здольнымі даць пачатак шляхам дыялогу, прымірэння і згоды”.

“Я ведаю, што кожнай раніцы, а дзявятай гадзіне, падчас “хвіліны агульнанацыянальнага маўчання” ўкраінцы з болем успамінаюць шматлікіх ахвяр канфлікту, дзяцей і дарослых, грамадзянскіх асоб і вайскоўцаў, а таксама ваеннапалонных, якія часта знаходзяцца ў цяжкіх умовах. Я далучаюся да іх, каб стаў яшчэ мацнейшым вокліч, што ўзносіцца да Неба, з якога прыходзіць дапамога: “Дапамога мая ад Пана, які стварыў неба і зямлю” (Пс 121)”, - запэўніў Пантыфік.

“Няхай Пан суцешыць нашы сэрцы і ўмацуе надзею на тое, што збіраючы ўсе пралітыя слёзы і спытаючы за іх, Ён застаецца побач з намі нават тады, калі нашы намаганні здаюцца бясплённымі, а дзеянні – недастатковымі”, - пажадаў Святы Айцец.

“З надзеяй на тое, што менавіта Бог прамовіць апошняе слова ў гэтай вялізарнай трагедыі, благаслаўляю ўвесь украінскі народ, пачынаючы ад біскупаў і святароў, разам з якімі ты, дарагі брат, застаўся побач з сынамі і дочкамі гэтага народа на працягу ўсіх гэтых тысячы дзён пакут”, - завяршыў свой ліст да арцыбіскупа Кульбокаса Францішак.
 

19 лістапада 2024, 16:00