Рымскі вікарыят і базіліка Святога Яна на Латэране Рымскі вікарыят і базіліка Святога Яна на Латэране 

Францішак папрасіў Касцёл Рыма дапамагчы ў жыллёвым крызісе

Францішак звярнуўся да Рымскай дыяцэзіі з пасланнем, у якім заклікаў адчыніць бедным дзверы пустуючых памяшканняў як знак надзеі ў Юбілейны 2025 год.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У сувязі з надыходзячым Юбілеем надзеі, калі Рымская дыяцэзія рыхтуецца прыняць мільёны пілігрымаў, Францішак звярнуўся з лістом да пробашчаў, духавенства, рэлігійных ордэнаў і касцёльных арганізацый Вечнага горада. У ім ён заклікаў іх рабіць канкрэтныя справы міласэрнасці і салідарнасці з беднымі і патрабуючымі.

Божая любоў спараджае надзею

"Менавіта Божая любоў спараджае надзею, а Божая любоў перадаецца праз нашу любоў", - гаворыцца ў пасланні. Папа выказаў глыбокую ўдзячнасць шматлікім рымскім парафіям, рэлігійным супольнасцям, асацыяцыям, касцёльным рухам і сем'ям, "якія робяць так шмат (часта моўчкі), каб несці людзям Божую любоў праз канкрэтныя справы міласэрнасці, усяляючы ў іх надзею".

Жыллёвы крызіс у Рыме

Нагадаўшы, што ў сацыяльным вучэнні Касцёла паняцце агульнае дабро ахоплівае "усе ўмовы, якія гарантуюць чалавечую годнасць", у тым ліку недатыкальныя правы на зямлю, жыллё і працу, Пантыфік звярнуў увагу, у прыватнасці, на даўнюю праблему італьянскай сталіцы - жыллёвае пытанне. Ён заклікаў Касцёл Рыма, у рамках падрыхтоўкі да наплыву пілігрымаў на Юбілей надзеі, прыняць меры для вырашэння гэтай надзвычайнай сацыяльнай сітуацыі у супрацоўніцтве з дзяржаўнымі ўстановамі і асацыяцыямі.

Мужны жэст любові да бедных

Папа заклікаў усе касцёльныя арганізацыі "зрабіць мужны жэст любові да бліжняга", прапанаваўшы любую свабодную нерухомую маёмасць і пустуючыя памяшканні для размяшчэння бяздомных ці тых, хто рызыкуе страціць жыллё. Ён заахвоціў сацыяльныя службы і ўстановы дапамагаць гэтым людзям, а асацыяцыі і народныя рухі аказваць ім неабходныя паслугі, каб гарантаваць годнасць і братэрскую гасціннасць.

Завяршаючы пасланне, Францішак яшчэ раз падзякаваў святарам, манахам і свецкім вернікам Рымскай дыяцэзіі за іх шчодрасць і за ўсё, што яны ўжо робяць, каб несці Божую любоў і ўсяляць надзею ў жыццё кожнага, асабліва тых, хто мае ў гэтым найбольшую патрэбу.

16 лістапада 2024, 10:15