40 гадоў міру: Пантыфік пра пагадненне паміж Аргенцінай і Чылі

Францішак прыняў дэлегацыі Чылі і Аргенціны з нагоды 40-годдзя Дамовы аб міры і сяброўстве, якая спыніла тэрытарыяльную спрэчку паміж краінамі ў 1984 годзе.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На сустрэчы з лацінаамерыканскімі міністрамі і дыпламатамі, якая праходзіла ў Ватыкане 25 лістапада 2024 года, Папа падкрэсліў гістарычную значнасць падпісання Дакумента. Святы Айцец адзначыў, што гэтая падзея з'яўляецца прыкладам для пераймання ў сучасным свеце, дзе шматлікія канфлікты працягваюцца і абвастраюцца без рэальнага жадання вырашыць іх мірным шляхам.

"Дамова стала магчымай дзякуючы пасрэдніцтву Папы Яна Паўла II і даверу, які аказалі яму нашы народы і ўлады. Але як прыйшлі да папскага пасрэдніцтва? У першую чаргу была малітва нашага народа, які ненавідзіць вайну", - падкрэсліў Францішак, цытуючы свае ўласныя словы з 2009 года.

Ён дадаў, што пасля міратворчага ўмяшання тагачаснага Пантыфіка на Божае Нараджэнне 1978 года, намаганні двух епіскапатаў не спыняліся, хоць яны і не ўмешваліся непасрэдна ў дыпламатычны працэс, які быў выключнай дзейнасцю Святога Айца і ўрадаў Аргенціны і Чылі.


Францішак таксама нагадаў словы Папы Бэнэдыкта XVI, які падчас 25-годдзя падпісання Дамовы адзначыў, што Чылі і Аргенціна – не проста суседнія краіны, але нашмат больш за гэта: "Гэта два братэрскія народы з агульным пакліканнем да братэрства, павагі і сяброўства, што ў значнай ступені з'яўляецца плёнам каталіцкай традыцыі, якая ляжыць у аснове іх гісторыі і іх багатай культурнай і духоўнай спадчыны".

Завяршаючы сваё выступленне, Святы Айцец звярнуўся да міжнароднай супольнасці з заклікам даць перавагу сіле права праз дыялог, падкрэсліўшы, што менавіта такі падыход павінен быць душой міжнароднай супольнасці.

Папа выказаў удзячнасць усім асобам з абедзвюх краін, якія ўнеслі свой станоўчы ўклад у ажыццяўленне мірнага шляху, рэалізуючы такім чынам імкненні да міру паміж аргенцінскім і чылійскім народамі.
 

25 лістапада 2024, 10:12