Падчас Імшы з нагоды Першага Сусветнага дня дзяцей у Ватыкане. 26.05.2024 Падчас Імшы з нагоды Першага Сусветнага дня дзяцей у Ватыкане. 26.05.2024  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Пантыфік стварыў Камітэт па правядзенні Сусветнага дня дзяцей

Францішак заснаваў новы ватыканскі орган – Папскі камітэт па правядзенні Сусветнага дня дзяцей. Кіраўніком прызначаны францішканін, айцец Энца Фартуната.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Новы камітэт будзе непасрэдна падпарадкоўвацца Пантыфіку і адказваць за касцельную анімацыю і душпастырскую арганізацыю штогадовай падзеі, прысвечанай дзецям. Рашэнне было абвешчана 20 лістапада 2024 года праз спецыяльны папскі хірограф.

У дакуменце Францішак падкрэслівае, што ў мінулым дзеці, якія лічыліся "яшчэ не людзьмі", часта раздражнялі дарослых. Гэта адбывалася нават у часы Хрыста, калі рабіны не маглі цярпець іх прысутнасць, якая перашкаджала іх служэнню. Аднак Езус паказаў "велізарную сімпатыю" да дзяцей і прапанаваў іх як узор вучнёўства.

Сёння, як адзначаецца ў хірографе, чалавек ужо з дзяцінства з'яўляецца суб'ектам неад'емных, непарушных і ўніверсальных правоў. Абарона правоў дзяцей – гэта "сур'ёзная адказнасць бацькоў, грамадзянскай супольнасці і Касцёла". Касцёл разглядае гэта як "абавязак і першую форму міласэрнасці".

Святы Айцец вызначыў пяць асноўных мэт Сусветнага дня дзяцей, які павінен адзначацца як на ўзроўні Паўсюднага Касцёла, так і ў партыкулярных Касцёлах. Сярод іх – неабходнасць даць голас правам самых маленькіх, спрыяць касцельнаму досведу на ўсіх узроўнях, дазволіць Паўсюднаму Касцёлу "апрануцца ў пачуцці малых", дапамагчы дзецям лепш пазнаць і палюбіць Езуса, а таксама падкрэсліць ролю Касцёла як Маці.
 

20 лістапада 2024, 16:06