Святы Айцец: дар крыві – гэта сведчанне любові і салідарнасці
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Сустрэча прайшла 9 лістапада 2024 года з нагоды 65-годдзя заснавання аб’яднання FIDAS, у склад якога ўваходзяць тысячы донараў па ўсёй краіне.
Гаворачы пра радасць, Папа адзначыў, што яна з'яўляецца характэрнай рысай валанцёрскай дзейнасці і людзей, якія клапоцяцца пра дабро іншых. "Мы створаны для таго, каб дарыць любоў, каб любоў была натхненнем кожнай нашай дзейнасці", - падкрэсліў Францішак, цытуючы словы Бэнэдыкта XVI.
Пантыфік адзначыў, што ў свеце, які часта бачыць у іншым хутчэй ворага, чым брата, бескарыслівы і ананімны жэст донара з'яўляецца знакам, які перамагае абыякавасць і адзіноту. Кроў, па яго словах, з'яўляецца красамоўным сімвалам: яна не глядзіць на колер скуры, этнічную ці рэлігійную прыналежнасць таго, хто яе атрымлівае.
Разважаючы пра салідарнасць, Францішак заўважыў, што донарства з'яўляецца не толькі актам чалавечай шчодрасці, але і шляхам духоўнага росту ў салідарнасці, якая аб'ядноўвае ў Хрысце. Папа заахвоціў донараў разглядаць сваю дзейнасць як дар Пану Міласэрнасці, які атаясамлівае сябе з тымі, хто пакутуе.