Пошук

Папа ўключыў святога Ісаака Ніневійскага ў Рымскі мартыралог

Адзінства ў веры ўжо дасягнута нашымі святымі, - нагадаў Пантыфік, абвяшчаючы аб уключэнні ў Рымскі мартыралог Ісаака Ніневійскага, аднаго з найбольш шанаваных святых сіра-ўсходняй традыцыі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

9 лістапада 2024 года Францішак прыняў на аўдыенцыі Каталікоса-патрыярха Асірыйскай Царквы Усходу Мар Аву ІІІ і членаў Сумеснай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Асірыйскай Царквой Усходу.

Жаданне адзінства адпавядае жаданню Хрыста

Папа пачаў свой зварот словамі дэкрэту пра экуменізм Unitatis redintegratio, прынятага на Другім Ватыканскім Саборы: “Пан сусвету […] у апошні час усё больш абуджае скруху ў адлучаных хрысціянаў і напаўняе іх жаданнем адзінства” (1). Ён падкрэсліў, што “жаданне адзінства” – гэта ласка, якая натхняла экуменічны рух ад самага яго пачатку і якую трэба пастаянна развіваць, бо яна адпавядае жаданню Хрыста, “каб усе былі адно”.

Адна вера, прынятая ў розных формах

Святы Айцец нагадаў, што сёлета Каталіцкі Касцёл і Асірыйская Царква Усходу адзначаюць 30-годдзе Сумеснай хрысталагічнай дэкларацыі, якая паклала канец 1500-гадовым дактрынальным спрэчкам адносна Эфескага Сабору.

“Гэта гістарычная дэкларацыя прызнала правамернасць і дакладнасць розных выразаў нашай агульнай хрысталагічнай веры, сфармуляванай Айцамі на Нікейскім Саборы. Такі “герменеўтычны” падыход стаў магчымы дзякуючы асноватворнаму прынцыпу, пацверджанаму дэкрэтам Сабора, а менавіта: адна і тая ж вера, перададзеная апосталамі, выражалася і прымалася ў розных формах і рознымі спосабамі ў залежнасці ад розных умоў жыцця (пар. Unitatis redintegratio, 14), - сказаў ён.

Дыялог у праўдзе, любові і жыцці

Пантыфік заўважаў таксама, што менавіта хрысталагічная дэкларацыя абвясціла аб стварэнні Сумеснай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Асірыйскай Царквой Усходу, дзякуючы якой былі заключаны важныя пагадненнні ў дактрынальнай і душпастырскай сферах.

“Тэалагічны дыялог неад’емны на нашым шляху да адзінства, бо адзінства, якога прагнем – гэта адзінства ў веры, пры ўмове, што дыялог адносна праўды ніколі не будзе адарваны ад дыялогу ў справах міласэрнасці і ў жыцці”, - дадаў Папа.

Адзінства ў веры ўжо дасягнута святымі

Францішак падкрэсліў, што “адзінства ў веры ўжо дасягнута святымі нашых Цэркваў”. “Яны з’яўляюцца нашымі найлепшымі правадырамі на шляху да поўнага адзінства, таму са згоды Вашай Святасці і Патрыярха Халдэйскай Царквы, а таксама падтрыманы нядаўнім Сінодам Каталіцкага Касцёла аб сінадальнасці, які нагадаў, што прыклад святых іншых Цэркваў, гэта “дар, які можам прымаць, уключаючы іх успамін у наш літургічны каляндар”, я рады абвясціць, што вялікі Ісаак Ніневійскі, адзін з найбольш шанаваных Айцоў сіра-ўсходняй традыцыі, які прызнаецца настаўнікам і святым усімі хрысціянскімі традыцыямі, будзе ўключаны ў Рымскі мартыралог”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Сведчыць пра Хрыста на землях, змучаных вайной

“Праз заступніцтва святога Ісаака Ніневійскага, злучанае з заступніцтвам Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Хрыста, нашага Бога і Збаўцы, няхай хрысціяне Блізкага Усходу заўсёды сведчаць пра Уваскрослага Хрыста на гэтых змучаных вайной землях”, - сказаў Папа, выказваючы пажаданне, каб сяброўства паміж Цэрквамі працягвала квітнець да шчаслівага дня дасягнення эўхарыстычнага адзінства, “каб паверыў свет”.
 

09 лістапада 2024, 09:45